ЗША працягнулі рэжым прыпынення санкцыяў супраць 9 прадпрыемстваў Беларусі


Міністэрства фінансаў ЗША зноў працягнула на паўгода рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

«Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацыяў і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША падаўжае дазвол на здзяйсненне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, што падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную ўласнасць гэтых прадпрыемстваў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінфіна.

Рашэнне будзе дзейнічаць да 30 кастрычніка 2018 года.

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. У санкцыйных спіс уваходзяць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

Пасля таго як у Беларусі былі вызвалены палітвязні, у кастрычніку 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 году), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума аперацыі перавышае 10 тыс.USD, грамадзяне ЗША абавязаны ставіць у вядомасць упраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартаменту. Гэта рашэнне падаўжаецца кожныя 6 месяцаў.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў