ЗША працягнулі прыпыненне санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў


ЗША працягнулі прыпыненне санкцыяў у адносінах да дзевяці беларускіх кампаніяў.

Рашэнне будзе дзейнічаць яшчэ шэсць месяцаў, да 30 кастрычніка 2017 года, калі яго не працягнуць ці не адменяць, паведамілі ў Міністэрстве фінансаў ЗША.

Мінфін ЗША працягнуў дазвол на здзяйсненне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія трапілі пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. У ведамстве адзначылі, што дадзенае рашэнне не вызваляе заблакаваную ўласнасць гэтых прадпрыемстваў.

У кастрычніку 2015 года ЗША часткова прыпынілі санкцыі супраць дзевяці кампаніяў з Беларусі. Гэта «Белнафтахім» і яе філіял у ЗША (Belneftekhim USA), «Белшына», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно», «Лакафарба», ААТ «Нафтан», «Полацк Шкловалакно». Затым гэтае рашэнне падаўжалася на шэсць месяцаў у красавіку і кастрычніку 2016 года. Раней аб чарговым падаўжэнні рэжыму прыпынення санкцыяў паведамляла агенцтва «Reuters».

Амерыканскія кампаніі могуць праводзіць здзелкі з названымі беларускімі прадпрыемствамі, але калі сума трансакцыі перавышае $ 50 тыс., то неабходна паінфармаваць Дзярждэпартамэнт ЗША на працягу 30 дзён.

Прыпыненне санкцыяў ЗША стала магчымым пасля вызвалення палітвязняў у 2015 годзе, спакойных выбараў у кастрычніку таго ж года, а таксама праходжання ў парламент першых апазіцыйных дэпутатаў за 12 гадоў у 2016 годзе.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў