ЗША прадэманстравалі здольнасць адбіць міжкантынентальны атамны ўдар


Пентагон упершыню паспяхова выпрабаваў сістэму ракетнай абароны супраць міжкантынентальных балістычных ракет, што зʼяўляецца важным дасягненнем у справе абароны ад ядравага ўдару з боку камуністычнай Паўночнай Карэі, а ў перспектыве і з боку Кітая ці Расеі.

АГОНЬ У НЯБЁСАХ

Амерыканскія ракетчыкі выпусцілі міжкантынентальную ракету-мішэнь з атола Кваджалейн (Маршалавы выспы ў Ціхім акіяне) – у 7.500 кіламетрах ад узбярэжжа ЗША. Мішэнь была перахопленая ракетай з базы ваенна-паветраных сіл Вандэнберг у Каліфорніі, паведаміла Агенцтва пра супрацьракетнай абароне ЗША.

Запуск ракеты-мішэні з Маршалавых выспаў. Фота U.S. Missile Defense Agency

Такім чынам быў пратэставаны наземны элемент перахопу міжкантынентальных ракет на сярэднім этапе траекторыі (Ground-based Midcourse Defense, GMD), адзначыла ведамства. Пуск быў зафіксаваны разнастайнымі сродкамі разведкі і адсочвання, у тым ліку спецыяльным марскім радарам супрацьракетнай абароны ў Ціхім акіяне. Сістэма абароны атрымала дадзеныя, вылічыла яе траекторыю і хутка адправіла заданне для нацэльвання супрацьракеты.

Кампіляцыя кадраў відэа пра пуск супрацьракеты 30 траўня 2017 году.

«Перахоп складанай цэлі, якая імітуе міжкантынентальную балістычную ракету, зʼяўляецца вялізарным дасягненнем GMD і важнейшым этапам праграмы. Гэтая сістэма жыццёва важная для абароны нашай тэрыторыі, і гэты тэст дэманструе, што мы маем баяздольны надзейны сродак стрымлівання цалкам рэальнай пагрозы», – сказаў кіраўнік Агенцтва пра супрацьракетнай абароне ЗША віцэ-адмірал Джым Сайрынг.

ЧЫРВОНАЯ ПАГРОЗА

Выпрабаванне адбылося ў умовах абвастрэння дыпламатычных адносін паміж ЗША і Паўночнай Карэяй у сувязі з паўночнакарэйскімі атамнай і ракетнай праграмамі. Афіцыйна з 1950-х гадоў Паўночная Карэя, якая рэгулярна пагражае нанесці «знішчальны ўдар» па ЗША, застаецца ў стане вайны з Рэспублікай Карэя – адным з важнейшых хаўруснікаў ЗША ў Азіі.

Амерыканскія жаўнеры, якія дзейнічаюць па мандату ААН, вызваляюць Сеул ад камуністычных войскаў у 1950 годзе. Фота Wikipedia

ЗША ў адказ лічыць менавіта пабудовы супрацьракетнай абароны адным з важнейшых праектаў забеспячэння сваёй бяспекі ад шантажу ці атакі дыктатарскіх рэжымаў, якім пляваць на выжыванне свайго насельніцтва ў выніку амерыканскага атамнага ўдару ў адказ.

«Гэта адзін з элементаў больш шырокай супрацьракетнай абароннай стратэгіі, якую мы можам выкарыстоўваць супраць патэнцыяльных пагрозаў», – пракаментаваў выпрабаванне прэс-сакратар Пентагона капітан Джэф Дэвіс.

Агенцтва пра супрацьракетнай абароне ЗША мае за мэту «распрацоўку і ўвод у дзеянне шматслойнай сістэмы супрацьракетнай абароны для абароны ЗША, войск ЗША, хаўруснікаў і сябраў ад абмежаваных атак балістычных атак любой дальнасці на ўсіх фазах палёту». Такім чынам ЗША афіцыйна не лічыць мэтай нейтралізацыю масавага атамнага ўдару.

Выпрабаванне амерыканскай THAAD – супрацьракетнай мабільнай сістэмы, якая мае за мэту барацьбу з ракетамі сярэдняй і малой дальнасці.

У той жа час Расея апошнія амаль 20 год выступае супраць зʼяўлення абʼектаў амерыканскай супрацьракетнай абароны ў Еўропе, бо лічыць гэта пагрозай для сваіх сіл атамнага стрымлівання.

ШТО Ў БУДУЧЫНІ?

Пабудова супрацьракетнай абароны лічыцца ў ЗША такім вялікім прыярытэтам, што разбудова і размяшчэнне новых абʼектаў ідуць адначасова з распрацоўкай тэхналагічных рашэнняў і выпрабаваннямі – у той час як звычайна ўзбраенні спачатку праходзяць цыкл распрацоўкі, а потым пачынаюць выкарыстоўвацца і закупацца.

У выніку хоць выпрабаванне ў знішчэнні сапраўднай міжкантынентальнай ракеты прайшлі толькі цяпер GMD ужо дзейнічае з 2004 году і мае абʼекты ў 15 гадзінных паясах Зямлі. Да канца гэтага году колькасць наземных установах супрацьракет вырасце з 2 да 44 – пры гэтым 4 будуць у Каліфорніі, а 40 на Алясцы.

Лідар КНДР Кім Чэн Ын побач з тым, што афіцыйныя СМІ КНДР называюць атамнай бомбай малога памеру. Фота wikipedia.org

Цяпер ЗША пачынаюць абмяркоўваць федэральны бюджэт на 2018 фінансавы год – і Пентагон запрасіў на Агенцтва пра супрацьракетнай абароне $7,9 мільярдаў. Гэта прыкладна 10 гадавых бюджэтаў усіх беларускіх узброеных сіл. Паспяховае выпрабаванне сістэмы дапаможа ведамству атрымаць патрэбную суму.

Такім чынам, пакуль да забеспячэння поўнай ракетнай бяспекі ЗША яшчэ вельмі далёка – зараз Вашынгтон не захоча рызыкаваць нават з адным пускам сапраўднай ракеты па амерыканскай тэрыторыі. Цяжка сказаць, ці прывядзе гэта да стварэння непрабівальнай ракетнай абароны, улічваючы вечную барацьбу снарада і брані ў ваеннай справе. Аднак разлічаныя на доўгі тэрмін маштабныя распрацоўкі і выпрабаванні будуць даваць у будучым значны эфект і досвед, якога няма больш у аніводнай арміі свету.

 

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў