ЗША перадаюць Украіне сістэмы для барацьбы з мінамётным агнём


Радарная сістэма ідэнтыфікуе стрэлы і разлічвае каардынаты, адкуль вялася стральба, каб адказаць праціўніку. Так патлумачыў прызначэнне амерыканскай дапамогі Украіне афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону.

Злучаныя Штаты Амерыкі паставілі ў Украіну радарныя сістэмы, прызначаныя для барацьбы з мінамётнымі разлікамі суперніка. Тэхніка прызначана для зоны антытэрарыстычнай аперацыі (АТА).

З такою заявай выступіў прэс-сакратар Пентагону, палкоўнік Стыў Ўорэн (Steve Warren), якога цытуе афіцыйны сайт ведамства.

Пакуль што ваеннае ведамства ЗША паставіла тры лёгкіх сістэмы па супрацьдзеянні мінамётнаму агню. Гэта – першая партыя з 20 такіх сістэмаў, якія павінны быць прадстаўлены Украіне, адзначыў Ўорэн. Рэшту паставяць цягам наступных тыдняў.

«Радарная сістэма ідэнтыфікуе стрэлы, якія ажыццяўляюцца ў ваш бок, і разлічвае каардынаты, адкуль вялася стральба, даючы магчымасць для адказу (паразы суперніка)», – растлумачыў афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону.

Стыў Ўорэн падкрэсліў, што ЗША не накладвае абмежаванняў адносна выкарыстання амерыканскага ўзбраення для барацьбы ў зоне АТА: «Украінскія ваенныя могуць злучыць радарныя сістэмы з сістэмамі артылерыйскага агню або могуць рэагаваць (на мінамётныя стрэлы) з дапамогаю наземных сілаў».

Радарныя сістэмы прадстаўлены бясплатна, у рамках пакету незваротнай дапамогі ад ЗША памерам $ 118 млн.

Паводле defense.gov, eurointegration.com.ua

Глядзі таксама
Каментары