ЗША пашырылі санкцыі супраць Крамля


У чорны спіс трапіў 21 грамадзянін РФ і 12 кампаніяў.

Сярод іх – намеснік Міністра энергетыкі Расеі Андрэй Чарэзаў, дырэктар дэпартаменту Мінэнерга РФ Яўген Грабчак і кіраўнік кампаніі «Тэхнапрамэкспарт» Сяргей Сякера-Гілка. Акрамя «Тэхнапрамэкспарт» пад санкцыі трапілі некалькі даччыных кампаніяў ААТ «Сургутнефтегаз» і кампаніі «Сілавыя машыны».

Усяго ў санкцыйных спіс былі ўключаныя 9 кампаніяў, па 12 кампаніях санкцыі былі ўдакладненыя.

Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Крэмль ва ўзброенай падтрымцы прарасейскіх сепаратыстаў на Данбасе. Расея адмаўляе свой удзел у канфлікце.

Паводле ўкраінскіх уладаў, за самаабвешчаныя «народныя рэспублікі» (ДНР, ЛНР) ваюе каля 5000 кадравых расейскіх вайскоўцаў. Масква называе грамадзянаў Расеі, якія ваююць на ўсходзе Украіны, «добраахвотнікамі».

12 студзеня 2018 года Мінфін ЗША заявіў, што адпрацоўваецца спіс расейскіх бізнесменаў, у дачыненні да якіх у бліжэйшы час могуць быць уведзеныя санкцыі. Паводле расейскай газеты «Камерсант», пад новыя санкцыі ЗША могуць трапіць больш за 50 бізнесменаў набліжаных да вышэйшага кіраўніцтва РФ.

26 студзеня ў Дубаі (ААЭ) спецпрадстаўнік ЗША па Украіне Курт Волкер мае сустрэцца з Уладзіславам Сурковым, памочнікам прэзідэнта Расеі, каб абмеркаваць магчымасці ўрэгулявання канфлікту на Данбасе.

ЮВ, belsat.eu, паводле treasury.gov

Стужка навінаў