ЗША падоўжылі змякчэнне санкцый для беларускіх прадпрыемстваў


Злучаныя Штаты Амерыкі працягнулі рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычніка 2016 года.

Дазвол Міністэрства фінансаў ЗША на здзяйсненне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі, не вызваляе заблакаванай уласнасці гэтых прадпрыемстваў, гаворыцца ў паведамленні Мінфіна ЗША.

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў перыядычна падаўжаліся. У санкцыйны спіс уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «ГорадняАзот», ААТ «Горадня Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў пастанову пра частковае змякчэнне санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы трансакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае $ 10 тыс., грамадзяне ЗША абавязаныя інфармаваць упраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартаменту.

«Мы заклікаем беларускі ўрад зрабіць дадатковыя пазітыўныя крокі ў паляпшэнні пазіцыі ў дачыненні да правоў чалавека і дэмакратыі», – заяўляў прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Джон Кірбі 30 кастрычніка на брыфінгу ў Вашынгтоне.

У пачатку лістапада 2015 года Менск наведалі два намеснікі памочніка дзяржсакратара ЗША – ў справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк і ў пытаннях дэмакратыі, правах чалавека і працы Роберт Бяршчынскі. Яны заявілі журналістам, што ЗША могуць аднавіць санкцыі ў выпадку пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выказаўшы пры гэтым надзею на далейшае паляпшэнне беларуска-амерыканскіх адносін.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў