ЗША нанясе ўдар па «Ісламскай дзяржаве»


Прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Оўбама звярнуўся да амерыканскага народу і анансаваў новую стратэгію барацьбы з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава».

«Гэта ня толькі наша бітва. Вайсковая моц ЗША можа адыграць вырашальную ролю, але мы ня можам зрабіць для Іраку тое, што гэтая краіна павінна зрабіць для сябе сама. І мы ня можам замяніць нашых арабскіх партнёраў у справе ўстанаўлення міру ў іх рэгіёне. Таму да гэтага часу я неаднаразова казаў, што дадатковыя дзеянні ЗША будуць залежаць ад стварэння ў Іраку ўраду, які прадстаўляе інтарэсы ўсіх грамадзянаў», – заявіў амерыканскі прэзідэнт.

Паводле Барака Оўбамы гэта вайна будзе доўгай, але сама кампанія не прадугледжвае адпраўку амерыканскага сухапутнага кантынгенту ў раён падкантрольны тэрарыстам.

Амерыканскі лідар лічыць, што на тэрыторыі Іраку ваяваць супраць тэрарыстаў павінны ўрадавыя сілы Іраку. Хто будзе змагацца з баевікамі ў Сірыі амерыканскі прэзідэнт не ўдакладніў. «У барацьбе супраць «Ісламскай дзяржавы« мы ня можам спадзявацца на рэжым Асада, які тэрарызуе свой уласны народ і які ніколі ня зможа аднавіць страчаную ім легітымнасць» – сказаў прэзідэнт Оўбама.

Сёлета прадстаўнікі непрызнанай джыхадзісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» узялі пад кантроль значную тэрыторыю Ірака і Сірыі. Гэтая тэрарыстычная арганізацыя складаецца і абапіраецца на шэраг суніцкіх тэрарыстычных груповак. Папярэдніка арганізацыі – Аль-Каіда. Галоўная мэтай ісламскай дзяржавы – стварэнне Сірыі і Іраку халіфата, які будзе функцыянаваць па законах шарыяту.

ЮВ, паводле huffingtonpost.com

Стужка навінаў