ЗША могуць аднавіць санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў


Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША цягам трох дзён сустракаліся з прадстаўнікамі Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, царкоўнымі дзеячамі, беларускімі палітыкамі і праваабаронцамі. Прадстаўнікі ЗША закранулі пытанне санкцыяў.

Намеснік памочніка дзяржсакратара ва Упраўленні дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзярждэпартаменту ЗША Роберт Бэршчынскі падчас сустрэчы з журналістамі адзначыў, што беларускія ўлады зрабілі пазітыўны крок, вызваліўшы палітвязняў. У адказ ЗША зрабілі адпаведны крок – прыпынілі санкцыі. Калі ж сітуацыя будзе пагаршацца, то санкцыі зноў запрацуюць на ўсю моц.

Намесніца памочніка Дзяржсакратара ва Упраўленні па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк адзначыла: «ЗША будуць сачыць за развіццём сітуацыі цягам шасці месяцаў. ЗША падтрымліваюць намаганні Беларусі быць незалежнай краінай».

На думку чыноўніцы, суверэнітэт Беларусі могуць узмацніць далейшыя пазітыўныя крокі уладаў Беларусі.

Цяпер ЗША чакаюць, што беларускія ўлады зробяць адпаведныя крокі ў бок змен у выбарчым заканадаўстве, свабоды сходаў і палітычных партый.

29 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША часткова змякчылі санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. У санкцыйны спіс уваходзяць канцэрн «Белнафтахім», ААТ «Горадня Азот», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», ААТ «Нафтан», «Belneftekhim USA Inc»., ААТ «Белшына», ААТ «Горадня Хімвалакно», ААТ «Лакафарба» і ААТ «Полацк-Шкловалакно». Уся ўласнасць гэтых прадпрыемстваў застаецца заблакаванай, але трансакцыі пакуль дазволеныя.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў