ЗША: менеджар будаўнічай фірмы, бацька пяці дзяцей выйграў $ 180 млн. у латарэю


53-гадовы Рык Кнудсэн з Калімэсы (Каліфорнія) гаворыць, што ў той дзень, калі купляў латарэйны білет, «адчуваў, што пашанцуе», хоць сам выйгрыш лічыць выпадковасцю.

На наступны ж дзень, калі Рык даведаўся пра свой выйгрыш, ён звольніўся з пасады менеджара ў фірме, што прадае будаўнічыя матэрыялы.

Хоць Рык выйграў $ 180 млн., з іх ён мае заплаціць $ 80 млн. падаткаў. Рэшту выйгрышу ён ды ягоная жонка Лоры плануюць выдаткаваць на дом у гарах на поўдні Каліфорніі, некалькі аўтаў ды, магчыма, апартаменты на Гаваях. На прэс-канферэнцыі яны паведамілі, што плануюць забраць жыць да сябе 83-гадовага бацьку Лоры, а таксама дапамагчы грашыма сваім чатыром сынам і дачцэ, а таксама тром унукам.

«Наш спіс, што мы маем зрабіць з гэтымі грашыма – вельмі доўгі», – заўважыў Рык.

У дзень розыгрышу латарэі Рык выязджаў з гораду па справах ды спыніўся ў доме сваяком у суседнім мястэчку. «Раптам да мяне патэлефанавала сястра і гаворыць: нехта з Калімэсы сарваў джэкпот у латарэі. Ты раптам не купляў білет? Толькі тады я вырашыў спраўдзіць, і не мог паверыць вачам», – кажа Рык.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў