ЗША і Куба адначасова абвесцілі пра «новыя дачыненні»


Дзве краіны зрабілі першы рашучы крок, каб спыніць 50-гадовую блакаду. ЗША і Куба вырашылі аднавіць дыпламатычныя стасункі.

У сваёй прамове Барак Оўбама зазначыў, што надышоў час вызваліцца «з кайданоў мінулага», а палітыка блакады ў дачыненні Кубы не спрацавала. «Мы мусім скончыць з гэтым састарэлым падыходам, які цягам 50 гадоў гэтак і не дазволіў прасоўваць нашыя інтарэсы», – сказаў Оўбама. ЗША маюць намер аднавіць у працу амерыканскай амбасады на Кубе ды наладзіць супрацу ў галіне міграцыі, аховы здароўя, барацьбы з тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў і ліквідацыі наступстваў стыхіі.

Адначасова з выступам Оўбамы, да кубінцаў звярнуўся кіраўнік Кубы Раўль Кастра. Ён таксама паведаміў пра намер нармалізаваць дачыненні з ЗША і зазначыў, што ўрад гэтай краіны «прымае ўзаемныя захады дзеля паляпшэння двухбаковага клімату».

«Мы прызнаем, што маем глыбокія адрозненні ў галіне нацыянальнага суверэнітэту, дэмакратыі, правоў чалавека ды вонкавай палітыкі, але яшчэ раз пацвярджаем нашую гатовасць абмяркоўваць усе гэтыя пытанні», – сказаў Кастра.

У якасці жэсту добрай волі кіраўніцтва Кубы вызваліла з турмы грамадзяніна ЗША, якога лічылі шпіёнам. ЗША ў сваю чаргу выпусцілі трох кубінцаў, таксама арыштаваных за шпіянаж.

Злучаныя штаты пачалі паступова ўводзіць санкцыі супраць Кубы ў 1960 годзе. Гэта быў адказ на канфіскацыю кубінскімі камуністамі маёмасці грамадзянаў ЗША і амерыканскіх карпарацый. Апошні раз дадатковыя санкцыі ўводзілі ў 1992 годзе. Да гэтага часу Куба апынулася фактычна ў эканамічнай аблозе, аднак працяглы час яе падтрымліваў эканамічна ды вайскова СССР а потым – Расея.

МЛ. belsat.eu

Стужка навінаў