«Зрабіць лета». Дзень Незалежнасці з Упраўленнем «Цэнтр»


3 ліпеня 2018 года. Менск, Беларусь. Прыбіральнік Упраўлення «Цэнтр» ГУП «Гаррамаўтадар» на святкаванні Дня Незалежнасці. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Якуб Бернат і Дзяніс Дзюба пагаварылі з тымі, хто забяспечвае чысціню Менску ў дні дзяржаўных святаў.

Раніца 3 ліпеня – шэрае, халоднае. Мы першыя пасля адкрыцця галоўнага бара краіны ва ўніверсаме «Цэнтральны». Бярэм каву і сур’ёзна задумваемся перад паліцаю з дзесяццю відамі армянскага каньяку беларускага паходжання па аднолькавым кошце. З адной бочкі, тлумачыць касір.

Над вулічнымі столікамі галоўнага бара краіны святочны скразняк. Кава сагравае, а каньяк не дае гэтаму цяплу знікнуць хутка (ці наадварот). У якасці бонуса – аўтафокус з прыгожым размыццём фону, з якога праз пяць хвілінаў у зону рэзкасці прасоўваецца твар.

– Мужыкі, тут са сваім можна?

– Наўрад ці.

– Сёння Віцю 70, мы тут скінуліся на паляну, хочам вечарам пасядзець.

– Угу. Але напэўна не.

– А прыбіральніца сказала, што можна. А то ў нас усё куплена ўжо. Добра, у сем прыйдзем – пакуль трэба прыбіраць.

– А вы адкуль?

– З міністэрства.

Так мы знаёмімся з Пецем з Упраўлення «Цэнтр» дзяржаўнага прадпрыемства «Гаррамаўтадар» Менгарвыканкаму. Аранжавыя людзі з венікамі ў цэнтры горада – яны адтуль.

«Нашая задача – каб чыста было там, дзе высокапастаўленыя ездзяць», – тлумачаць яны.

У Пеці таксама ёсць мятла, але апрануты ён у атрутна-жоўты дажджавік, з-пад якога тырчыць пластыкавая літровая бутэлька незразумела чаго, і сіні камбінезон. «Гэта кіроўцы, набыў на Жданах, не хачу быць святлафорам як калгаснік», – махае ў бок памаранчавай купкі Пеця і ідзе падмятаць праспект.

Пеця з маленькага горада на поўначы Беларусі. Калісьці займаўся сантэхнікай, але цяпер «будоўлі – п…ц». Бліжэйшая праца – на віна-гарэлачным заводзе ў вёсцы непадалёк. Але яму, гарадскому, у вёсцы працаваць «не вельмі». І хлопец з’ехаў у Менск.

Пеці – 35, у «Гаррэмаўтадары» ён ужо два з паловай гады. «Я ўжо тут затрымаўся», – прызнаецца Пеця. Ён хацеў бы нешта ў жыцці памяняць, але не ведае як.

3 ліпеня 2018 года. Прыбіральнікі Упраўлення «Цэнтр» ГУП «Гаррамаўтадар» забяспечваюць чысціню ў цэнтральнай частцы Менску – на галоўных праспектах і плошчах. Фота – Дзяніс Дзюба

Здалёк прыбіральнікі падобныя да клоўнаў, але зблізку выглядаюць як суседзі па пляцоўцы, як бацькі, як усе мы – больш ці менш стомленыя.

Свяжэй за ўсіх выглядае Алена. «Гэта таму, што я шмат у жыцці недаядала», – кажа яна. Прапрацаваўшы ўсё жыццё маляром, жанчына прыйшла ў «Цэнтр», бо «патрапіць на іншую працу ў гэтыя гады цяжка». «Я і цяпер не даядаю: дапамагаю дачцэ, – кажа Алена. – Цяпер у адпачынку – усе адпускныя адразу адправіла сястры, яна пры смерці». – «А чаму вы тут, калі ў вас адпачынак?». – «У фірме ведалі, што я нікуды не з’ехала, патэлефанавалі і папрасілі на свята выйсці дапамагчы».

Малярную справу Алена не пакінула.

«Нядаўна прапанавала суседзям скінуцца на фарбу, пафарбавала пад’езд сама. Не хапіла чатырох бляшанак – прыйшлося купіць за свае грошы», – кажа яна.

Прыбіральнік Уладзімір кажа, што прыйшоў у «Цэнтр» пасля выхаду на пенсію.

«На вышыні працаваць ужо не магу, а дома сядзець – сквасішся і хутчэй памрэш. Тут жа ўвесь час у руху, праца падабаецца», – прызнаецца ён.

Просім прыбіральніцу Наталлю назваць плюсы і мінусы працы ў «Цэнтры». Плюсаў аказваецца шмат («добры калектыў, свежае паветра, новая тэхніка»), мінусаў няма ўвогуле. Ейныя калегі гатовыя паспрачацца наконт «свежага паветра» на праспекце, у нас пытанні да «новай тэхнікі»: у некаторых працаўнікоў – лысыя метлы з ручкамі з вуды і скотчу.

Працаўнікі Ўпраўлення «Цэнтр» сцвярджаюць, што ў святочныя дні менчукі смецяць не болей, чым у іншы час. Фота – Дзяніс Дзюба

Паводле Пеці, галоўны мінус – немагчымасць балбатаць па тэлефоне і насіць з сабой калонку.

«Нават у слухаўках нельга, а я музыку люблю – «Нэнсі», ну і ўвогуле хіты», – дадае ён.

Іншыя супрацоўнікі «Цэнтру» прызнаюцца, што ім не падабаецца, што «на аднаго прыбіральніка прыходзіцца дзесяць кіраўнікоў».

«Спраўджваюць пастаянна. Калі заўважаць недакурак – яшчэ нічога, але за паперку ​​можна ўжо атрымаць», – кажа Пеця.

На думку супрацоўнікаў «Цэнтра», менчукі ахайныя. Шмат хто адзначае, што выкінутага на тратуар смецця становіцца ўсё менш. Адзіны, хто лічыць стэрыльнасць Менску заслугай «Цэнтру», – Пеця.

Пасля пытання, ці не цяжка з такой прафесіяй знаёміцца ​​з дзяўчынамі, Пеця прызнаецца, што падчас знаёмства кажа, што працуе ў міністэрстве. Ён сапраўды шчыра лічыць, што «Менгарвыканкам» – гэта міністэрства, але не можа ўспомніць якое.

Паводле Алены, гэтая праца годная – «хтосьці ж павінен прыбіраць» – а вось дачка саромеецца.

«Калі была маляром, яна нікому не распавядала, дзе я працую, а цяпер – дык увогуле», – кажа жанчына.

Гэта, аднак, не перашкаджае дачцэ, адміністратару ў салоне прыгажосці, 30 гадоў, браць у мамы грошы.

Пеця кажа, што жаніцца не збіраецца – занадта любіць дзяўчат – нядаўна пазнаёміўся з трыма. «Яны ўвесь час у мяне нешта забываюць – як бы на гэта рэагавала жонка?», – пытаецца Пеця. Знаёміцца ​​ён на сайце tabor.by (старонка не працуе. – Заўв. рэд.) або ў «Батыку» (клуб «Батыскаф» – Заўв. рэд.).

«Цяпер у дзяўчат «сена» больш, чым у мужыкоў, – кажа Пеця. – Усе на аўтах – хоць бы на малалітражках. Прыязджаюць за мной – брыгада ах…вае».

Пеця атрымлівае 500 рублёў, дадатак да заробку – знойдзеныя на вуліцах грошы. «Па 20, 30 рублёў знаходжу часам. Але часцей, у асноўным, запальніцы. На днях знайшоў каньяк – падзялілі з хлопцамі», – распавядае ён. Іншыя прыбіральнікі прызнаюцца, што знаходзяць нешта каштоўнае вельмі рэдка і называюць Пецю удачлівым.

Стаць супрацоўнікам Упраўлення, паводле прыбіральнікаў, не цяжка: трэба прынесці заяву на Клары Цэткін, 49 і прайсці медычную камісію – між іншым, псіхолага і нарколага.

«Трапіць лёгка, а працаваць – не, асабліва ўзімку. Ты б не вытрымаў», – кажа мне адзін з прыбіральнікаў.

Пра тое, што зімой складана, кажа кожны.

«Прывозяць тону солі на рэзідэнцыю (Адміністрацыя Лукашэнкі на Карла Маркса, 38. – Заўв. рэд.) – і трэба зрабіць лета», – кажа Пеця.

Паводле Алены, за 12-гадзінную змену на вуліцы яна прамярзае наскрозь, не дапамагае аніякая вопратка – узімку ўвесь час хварэе.

Прыбіральнікі працуюць тры дні запар, з 7 да 19. Потым тры выходныя. Потым тры ночы запар, з 19 да 7. І ўсё паўтараецца. Пеця скардзіцца, што не можа прызвычаіцца да начных зменаў, і менавіта таму думае пра іншую працы.

3 ліпеня 2018 года. Менск, Беларусь. Прыбіральнік Упраўлення «Цэнтр» ГУП «Гаррамаўтадар» прыбірае тэрыторыю насупраць фестывальнай пляцоўкі падчас святкавання Дня Незалежнасці. Фота – Дзяніс Дзюба

А 22 гадзіне сустракаемся з Пецем на пляцоўцы каля Палацу спорту. Ён з калегамі ўжо адзначыў дзень нараджэння Віктара, «старпёры з ягонай брыгады пайшлі спаць», а Пеця хоча паглядзець канцэрт. Пазнаем яго не адразу – Пеця прыходзіць у цёмна-сінім гарнітуры, і адразу становіцца нейкі большы, дзелавіты і прыкметна ап’янелы. Кашулю ён выпускае вонкі, каб схаваць занадта доўгі гальштук.

«А не скажаш, што прыбіральнік, праўда?», – смяецца Пеця. У яго ў руках тры мабільных тэлефона (Вэлком, Лайф, МТС), і яму ўвесь час хтосьці тэлефануе. Пеця адказвае ўсім, што ідзе «чапляць баб».

Мы падыходзім да галоўнай сцэны – Руслан Аляхно спявае пра каханне. Пеця ведае тэкст на памяць.

«Я ж таксама музыкант. У мяне быў кастынг нядаўна на «Новых вяршынях», але баба ў мяне была, і я праспаў. Плакаць хацелася».

Падпяваючы, Пеця рухаецца ў бок сцэны, усё бліжэй і бліжэй – пакуль ягоная бліскучая скураная куртка не знікае ў натоўпе, вакол якой з шуфлікамі ўжо працуе новая, начная брыгада «Цэнтру».

Імёны некаторых герояў змененыя.

Якуб Бернат, Дзяніс Дзюба belsat.eu

Стужка навінаў