Зоаабаронцы збіраюць подпісы за прыняцце закону «Аб абароне жывёлаў»


Падпісаць зварот можна на сайце Zvarot.by. «Дакумент, падрыхтаваны пры дапамозе гэтага электроннага сэрвісу, мае юрыдычнае значэнне і абавязковы да разгляду інстанцыяй, у якую накіраваны, што адрознівае яго ад іншага роду петыцый», – падкрэсліваюць зоаабаронцы.
 
Каардынатары кампаніі «Не жорсткаму абыходжанню з жывёламі» пачалі збор подпісаў пад зваротам за прыняцце закона «Аб абароне жывёлаў» («Аб абыходжанні з жывёламі»), які адрасаваны прэзідэнту, ураду і парламенту Беларусі.
 
Неабходнасць прыняцця закона аўтары звароту матывуюць тым, што ў краіне квітнее жорсткасць у дачыненні да хатніх жывёлаў. «Іх выкідваюць, нагуляўшыся, калечаць і нават забіваюць, у вяснова-восеньскі перыяд выпадкі забойства ці жорсткага пазбаўлення ад нованароджанага прыплоду не паддаюцца падліку», — гаворыцца ў звароце.
 
Пры гэтым зоаабаронцы адзначаюць: «калі ў Менску і іншых буйных гарадах існуе адлоў і нядоўгае ўтрыманне перад усыпленнем адлоўленых катоў і сабак, то ў іншых населеных пунктах жывёл забіваюць пасярод белага дня і часта тым, што трапіць пад руку».
 
«Даўно настаў час далучыцца да цывілізаваных краін, у якіх праблема кантролю колькасці бяздомных жывёл вырашаецца гуманным чынам, а за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжана сур’ёзная адказнасць», — гаворыцца ў звароце.
 
Варта адзначыць, што ў 2013 і 2014 гадах зоаабаронцы ўжо накіроўвалі аналагічныя калектыўныя звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства замежных спраў, Генеральную пракуратуру, МУС і іншыя ведамствы.
 
У прыватнасці, у Адміністрацыю прэзідэнта ў снежні мінулага года была накіравана прапанова ў паскораным парадку пачаць у 2014 годзе распрацоўку праекта закона «Аб абароне жывёл», а таксама ўвесці ў Крымінальны кодэкс артыкул «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» і змяненні ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб надзяліць міліцыю правам складаць пратаколы на падставе артыкула 15.45 КоАП (жорсткае абыходжанне з жывёламі). Аднак чыноўнікі Адміністрацыі не задаволілі гэта хадайніцтва, праінфармаваўшы зоаабаронцаў аб тым, што план заканадаўчай дзейнасці на 2014 год ужо сфарміраваны.
 
Беларускі парламент ужо тройчы спрабаваў прыняць закон «Аб абыходжанні з жывёламі», але ва ўсіх выпадках праект быў адкліканы з-за рэзкай крытыкі грамадскасці. Прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый неаднаразова заяўлялі, што прапанаваныя праекты закона не забяспечваюць абарону жывёл ад жорсткага абыходжання.
 
Анастасія Салановіч, БелаПАН.
 
Стужка навінаў