Зняволены блогер Эдуард Пальчыс просіць даць яму дзеля абароны дзяржаўнага адваката


Блогер Эдуард Пальчыс, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, сам адмовіўся ад паслуг адваката Ганны Бахціной.

Пра гэта БелаПАН паведамілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.

26-гадовы Пальчыса, які знаходзіцца ў Жодзінскім следчым ізалятары, папрасіў даць яму дзяржаўнага адваката. «Гэта, вядома, крыху дзіўна, але, я думаю, Эдзік ведае, што робіць», – сказаў адзін са знаёмых блогера.

Ганна Бахціна паведаміла БелаПАН, што ейныя паўнамоцтвы як адваката Пальчыса завяршыліся раніцай 16 чэрвеня. Пры гэтым яна адмовілася назваць прычыну, патлумачыўшы толькі: «Таму што нікому не хачу нашкодзіць». Бахціна таксама паведаміла, што наведвала Пальчыса 15 і 16 чэрвеня, аднак не стала каментаваць, у якім стане і настроі ён знаходзіцца. Хто будзе новым адвакатам затрыманага блогера, Бахціной не вядома.

На дадзены момант не вядома таксама, ці выставілі Пальчысу афіцыйнае абвінавачванне. Чакалася, што абвінавачанне выставяць 16 чэрвеня, але, паводле слоў Ганны Бахціной, у яе прысутнасці гэтага зроблена не было.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова таксама не змагла паведаміць БелаПАН, ці выставілі ўжо абвінавачванні блогеру, патлумачыўшы, што інфармацыя пра гэта будзе размешчаная на афіцыйным сайце СК.

Раней Следчы камітэт паведамляў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле часткі 1 артыкулу 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і часткі 2 артыкулу 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com. На гэтым рэсурсе Эдуард Пальчыс публікаваў матэрыялы, у якіх выкрываў расейскую прапаганду «расейскага свету». Абвінавачанне ў распаўсюдзе парнаграфіі магло зʼявіцца, бо Пальчыс апублікаваў ілюстрацыі з голымі целамі, якую распаўсюджвалі абаронцы «расейскага свету» ў сеціве.

Пра затрыманне ў Расеі грамадзяніна Беларусі Эдуарда Пальчыса, ананімнага стваральніка сайту 1863x.com, вядомага пад нікам Джон Сільвер (Jhon Silver), стала вядома ў канцы студзеня гэтага года. Пазней высветлілася, што ён утрымліваецца ў турме Бранску – пра гэта паведаміла расейскае выданне «Спутник и погром». У артыкуле «Як этнічны паляк дапамагаў беларусам будаваць антырускі нацыяналізм: павучальная гісторыя» ў прыватнасці адзначалася: «Заснавальнік галоўнага русафобскага рэсурсу экс-БССР – 25-гадовы ўраджэнец заходнебеларускага гораду Ліда, практыкуючы каталік, этнічны паляк Эдуард Аляксандравіч Пальчыс. У Расею Пальчыс паехаў <…> у пошуках працы. Не змог атрымаць ва Украіне палітычны прытулак». Паводле інфармацыі «Спутника и погрома», беларуса затрымалі 23 студзеня гэтага года ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расейска-ўкраінскай мяжы.

Сайт 1863x.com быў створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расеі. Стваральнік рэсурсу вёў яе ва ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрвʼю. У лістападзе 2015 году Джон Сільвер напісаў: «Роўна паўгода таму, 5-га траўня 2015 года, я быў затрыманы аператыўнай групай спецслужбаў, месяц правёў у «псіхушцы», на мяне завялі дзве крымінальныя справы, і ў пачатку кастрычніка 2015-га года мне давялося пакінуць Беларусь». Вядома, што апошнім часам ён знаходзіўся ва Украіне. З тых часоў сайт не абнаўляўся.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў