Знясіленага Уладзіміра Кондруся, якога арыштавалі за Плошчу-2010, перавялі ў турэмны шпіталь


Бацькі Уладзіміра Кондруся паведамілі праваабаронцам «Вясны», што іхнага сына перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Паводле доктара, Уладзіміра ўдалося ўгаварыць на выхад з галадоўкі.

Пасля першага дазволенага спаткання з сынам, якога яны ўбачылі, з іх словаў, у вельмі кепскім стане, бацькі Уладзіміра Кондруся звярнуліся да дзяжурнага па СІЗА і ім удалося дамагчыся сустрэчы з доктарам з санчасткі. У выніку, учора ўвечары Уладзіміра перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА. Не выключана, што сваю ролю ў гэтым меў і шырокі інфармацыйны рэзананс пра цяжкі стан здароўя новага фігуранта справы аб масавых беспарадках.

Сёння бацькам удалося пагаварыць з доктарам турэмнага шпіталя, якая распавяла, што Уладзіміру ўжо ставілі кропельніцу і што яна пераканала яго спыніць галадоўку, таму папрасіла перадаць свайму пацыенту дзіцячае харчаванне. Медыкі таксама абяцаюць з часам зрабіць яму зонд, пра што Уладзімір папрасіў на ўчорашнім спатканні.

Паводле бацькоў, гэтая навіна дае ім некаторую надзею, паколькі яшчэ ўчора ў адказ на іхныя ўгаворы пачаць прымаць ежу Уладзімір адказаў, што не можа, паколькі арганізм ужо сам яе адхіляе.

Таксама бацькі Уладзіміра Кондруся паведамілі, што сёння наведалі следчага і пакінулі яму прашэнне пра змену захады стрымання да суда, каб паставіць сына на ногі. З іхных слоў, у адказ на гэта следчы толькі падкрэсліў, што іхны сын «здзейсніў цяжкае злачынства».

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным. Як падкрэсліваецца ў адпаведнай заяве, дзеянні Уладзіміра Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Масавыя беспарадкі»), а тэрмін даўнасці па іншых артыкулах КК, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваныя, мінуў.

Уладзіміра Кондруся затрымалі 14 чэрвеня паводле абвінавачання «ўдзел у масавых закалотах» 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці. Цягам амаль шасці гадоў спецслужбы не цікавіліся Кондрусем. Аднак пасля публікацыі ў незалежных медыях ягонага фотаздымка падчас шэсця на Дзень Волі мужчыну змясцілі пад варту.

МЯ, паводле spring96.org

Стужка навінаў