Знойдзенае паселішча хобітаў на Гарадзеншчыне?


Для вясковага жыхара гэта – звычайны капец, або бурт – месца для захоўвання гародніны. Для гарадскіх жа – ледзь не дэкарацыі для фільму «Хобіт».



Капцы для захоўвання бульбы і буракоў зімою мае кожны паважаючы сябе беларускі вясковец. Капаюць іх (адсюль і назва) часам і на далёкім ускрайку двара, часам – ля самага поля.



Калі сховішча мае служыць больш, чымся 1-2 сезоны, то сценкі і падлогу абкладаюць каменнем ці цэглаю.



Адразу з два дзясяткі капцоў у адным месцы знаходзяцца ў Лужках, што на Гарадзеншчыне. Нейкі суцэльны Шыр з хобітамі, як у казках Толкіна.



Падобныя спосабы беларусаў захоўваць харчы падарожнікі адзначалі яшчэ ў XVI ст. Напрыклад, Алесандра Гваньіні, нарадзінец Вэроны і гісторык, пісаў:

«Беларусы ўсе, маскавіцяне і літоўцы жнуць і малоцяць хлеб і захоўваюць яго ў свірнах, некаторыя маюць звычай захоўваць хлеб у выкапаных у глухім лесе падзямеллях, старанна выкладзеных знутры карой дрэў. Туды ж беднякі зносяць усе харчы, сала і іншыя жыццёвыя прыпасы, а таксама адзенне і лепшае хатняе начынне, асабліва ў час вайны, для захавання як ад ворагаў, так і ад сваіх салдат».



Традыцыя каменных ямаў-сховішчаў – адгалосак зусім сівой мінуўшчыны. Хто ведае, можа з часам лужкоўскія, выкладзеныя валунамі капцы стануць часткаю турыстычнага маршруту – тым больш, што побач Адэльск з драўляным касцёлам XVIII ст. ды закінутая сінагога ў Індуры.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў