Зніжкі для дармаедаў


Грамадзяне, якія добраахвотна звярнуліся ў падатковую інспекцыю з прызнаннем аб дармаедстве, да 1 ліпеня маглі атрымаць своеасаблівы бонус – зніжку ў 10 % на аплату падатку.

Дата не крытычная. Заплаціць можна да 15 лістапада. Потым пачнецца прымус, прадугледжаны ўказам аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства – больш вядомы ў народзе як «дэкрэт аб дармаедах».

За нясвоечасовую аплату давядзецца заплаціць штраф ад двух да чатырох базавых велічыняў, ці нават адбыць адміністрацыйны арышт з прымусовай працай. Гэта падштурхнула некаторых зарэгістравацца на біржы, што адбілася і на афіцыйных паказчыкаў: індэкс беспрацоўя цягам месяца вырас амаль у два разы. Але «засвяціцца» пажадалі далёка не ўсе.

ГЕНАДЗЬ, БЕСПРАЦОЎНЫ: «На біржу станавіцца на ўлік не хачу, бо не ўпэўнены, што знайду працу ў той тэрмін, які там прадугледжаны. Ну, прыйдуць да мяне інспектары і хто будзе плаціць той падатак, калі ў мяне ня будзе столькі грошай? Мае бацькі. Але яны ў чым вінаватыя?»

Дэкрэт, падпісаны Лукашэнкам у красавіку, выклікаў хвалю абурэння. Сярод іншага ўрад папракалі ў парушэнні Канстытуцыі, якая гарантуе права на працу, а не прымус. Да таго ж, чалавек, які не мае працы, сам патрабуе матэрыяльнай падтрымкі з боку дзяржавы.

ДЗЯНІС, БЕСПРАЦОЎНЫ: «Я насамрэч удзельнічаю ў фінансаванні дзяржавы, бо набываю ў крамах беларускія прадукты і плачу за паліва. Што да ўладкавання на сталую працу, то я ня ведаю куды. Я мастак і маляваць за адзін мільён рублёў у месяц афішы не хачу».

Указ прадугледжвае некалькі катэгорый асоб, якія вызваляюцца ад аплаты падатку. Сярод іх маці, якія даглядаюць дзяцей, і інваліды. Але і тут не ўсё проста. У Галіны, юрыста па адукацыі, эпілепсія, але інваліднасць жанчына атрымаць не можа.

БЕСПРАЦОЎНАЯ:

«Мая доктарка сказала, што для таго, каб мяне прызналі інвалідам, прыступы эпілепсіі павінны быць не менш як тры разы на месяц. А ў мяне цягам апошніх двух месяцаў не было ніводнага прыступу. З-за майго дыягназу мяне не хочуць прымаць на працу, бо не хочуць мець непрыемнасці ці несці адказнасць. Мяне не ўзялі нават прыбіральшчыцай у паліклініку».

Адмыслоўцы падлічылі, што падатак на дармаедства казну не ўратуе. Хіба што крыху дысцыплінуе грамадзянаў, якія ўхіляюцца ад сваіх абавязкаў. Да таго ж незразумела якімі адміністрацыйнымі сіламі будуць ажыццяўляць пошук дармаедаў

НАТАЛЛЯ РАБАВА, ШКОЛА МАЛАДЫХ МЕНЕДЖАРАЎ ПУБЛІЧНАГА АДМІНІСТРАВАННЯ: «Можа быць усё гэта паціху спусціцца на тармазах. Ніхто за імі не будзе бегаць. Або, наадварот, машына запусціцца па поўнай. І тут пазітыўны момант толькі тое, што камусьці трэба будзе працаваць частковымі інспектарамі, але гэта невялікая колькасць людзей. Большасць толькі пацерпіць».

Сусветная практыка сведчыць пра тое, што дзяржавы, якія дэкларуюць сацыяльную скіраванасць, падтрымліваюць сваіх грамадзянаў выплатай дапамогі па беспрацоўі. І толькі ў Беларусі беспрацоўныя маюць самыя плаціць за тое, што апынуліся ў цяжкой сітуацыі.

Любоў Лунёва, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў