«Замежную палітыку Беларусі абслугоўваюць людзі, якія хлусяць і іншым краінам, і свайму народу», – кіраўнік Меджліса


Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народу, дэпутат Рады Украіны ад «Блоку Пятра Парашэнкі» Рэфат Чубараў пракаментаваў у інтэрв’ю belsat.eu галасаванне Беларусі супраць рэзалюцыі па Крыме ў Генасамблеі ААН 19 снежня.

У сувязі з пазіцыяй Менска народны дэпутат Рэфат Чубараў, які адначасова ўзначальвае Меджліс крымскататарскага народу, прапанаваў у Радзе змяніць месца для перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе. Ён выказаў сумнеў у нейтральнасці менскай пляцоўкі, якая пастаянна дэкларуецца беларускімі ўладамі.

«Мне шкада, што беларускую замежную палітыку абслуговаўюць гэтыя людзі, дыпламаты, якія хлусяць і іншым краінам, і свайму народу. Яны лічаць рэпрэсіі ў Крыме ў Крыме надуманай праблемай? Для аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі варта прачытаць справаздачы Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе зафіксаваныя шматлікія выпадкі», – гаворыць Чубараў.

Палітык адзначыў, што пазіцыя Беларусі па Крыме сведчыць пра залежнасць ад Масквы.

«Беларусь у такіх пытаннях – фактычна ў пытаннях вайны і міру, жыцця і смерці, – дзейнічае ў фарватары таталітарнай Расеі, якая на сёння зʼяўляецца пагрозай для ўсяго свабоднага свету. Калі гэта працягнецца, то Беларусь можа канчаткова згубіць усе прыкметы незалежнай дзяржавы», – мяркуе дэпутат Рады.

Акрамя таго, Рэфат Чубараў выказаў думку, што Беларусь «да цяперашняга моманту не пацярпела ад агрэсіі Крамля, бо ўвесь удар прыняла на сябе Украіна».

«Барацьба Украіны за сваю тэрытарыяльную цэласнасць адсоўвае ў часе агрэсію Расеі на вашу дзяржаву», – заявіў ён.

***

На наступны дзень пасля галасавання ў МЗС Беларусі заявілі, што Менск заўжды галасаваў супраць такіх рэзалюцый. Паводле начальніка аддзелу прэс-службы ведамства Андрэя Шупляка, гэта «прынцыповая пазіцыя».

«Мы на ўласным досведзе даведаліся, што значыць штучная палітызацыя, раздзіманне праблемаў, якіх у рэальнасці няма ў грамадстве і дзяржаве», – адзначыў прадстаўнік беларускага МЗС.

Нагадаем, паводле аўтараў рэзалюцыі, яна «мае мэту прымусіць Расею як дзяржаву-акупанта спыніць грубыя парушэнні правоў і асноўных свабодаў чалавека» у Крыме. У рэзалюцыі таксама фіксуецца, што паміж Расеяй і Украінай ідзе «міжнародны ўзброены канфлікт». З гэтым пагадзіліся 70 краін – чальцоў ААН, 26 краін выступілі супраць, а 76 устрымаліся. За рэзалюцыю прагаласавала большасць еўрапейскіх краін, ЗША, Грузія. Супраць выступілі Расея, Беларусь, Кітай, шэраг афрыканскіх і паўднёваамерыканскіх краінаў.

Паводле справаздачы маніторыгавай місіі ААН, з 2014 года на тэрыторыі паўвыспы перыядычна фіксуюцца выкраданні асобаў, пазасудовыя расправы, катаванні і іншыя віды незаконнага пераследу, якія назіральнікі ад ААН прыпісваюць расейскім уладам.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў