Знак бяды беларускай АЭС: нестабільны фундамент, радыяцыя ў Віліі і радыёлакацыя, накіраваная на Захад


Чаму АЭС для Беларусі будуецца са «знакам бяды» высвятляем разам актывістам кампаніі «Беларуская атамная – гэта злачынства» Мікалаем Уласевічам.

Пытанне беларускай АЭС пужае настолькі, што страшна пра яго нават думаць і мы перастаем думаць. Тым не менш, АЭС будуецца, а мы пра яе не думаем, бо калі не думаем, то не так ужо і страшна. А можа, увогуле страху ніякага няма? Навіны пра Астравецкую АЭС – адныя з самых нечытаных у беларускай медыйнай інтэрнэт-прасторы, але час ад часу звяртаюць увагу: то рэактар у іх падае, то нават сібірская язва можа ўспыхнуць.

Нядаўна ў Горадні ў Цэнтры гарадскога жыцця прайшла дыскусія «Беларуская АЭС: права на атам і жыццё». Размова досыць стандартная: узгадваем жахі Чарнобыля і абмяркоўваем пагрозы АЭС. Ці варта пра яе пісаць? Варта. Таму што пагроза перад самым нашым носам, а мы перастаем успрымаць усурёз відавочную будучую катастрофу.

Мікалай Уласевіч – географ, шматгадовы грамадскі актывіст супраціву будаўніцтва АЭС у Беларусі дый і проста жыхар аграгарадка Варняны, які месціцца зусім побач з Астраўцом. У часе дыскусіі эксперт вылучае тры асноўныя праблемы, якія нясе ў сабе атамная электрастанцыя для кожнага з нас.

Экалагічная бомба

Як тлумачыць Мікалай Уласевіч, з 6-ці прапанаваных месцаў будаваць АЭС вырашылі ў месцы, самым для гэтага непрыдатным. Пляцоўку выбралі ў міжрэччы паміж ракой Віліяй і яе прытокам, ракой Газяркай. Будоўля знаходзіцца ў зоне плоскаснага змыву і дыфузная радыяцыя адназначна будзе пранікаць у ваду. Іншымі словамі, тое, што радыяцыя трапіць у малую раку, а затым у Віліюстоадсодкава, хоць на афіцыйным узроўні гэтая інфармацыя адмаўляецца.

«Гэтая пабудова ідзе з парушэннямі з самага пачатку. І гэтыя падрыхтоўчыя працы рабіліся без адпаведнага праекту. Такі прыклад расказваюць людзі: на некаторых участках падземная камунікацыя заліваецца вадой. Доўгі час іх стараліся адкачваць нейкімі там помпамі, але вада ўсё роўна прыбывала. І не знайшлі лепшага спосабу, як адвесці яе ў нейкую яму. Гэта сведчыць пра нестабільны фундамент і тое, што не былі праведзеныя адпаведныя даследаванні гэтай тэрыторыі», – тлумачыць спадар Мікалай.

Нават калі выключыць рызыку аварыі або надзвычайнай сітуацыі, сама электрастанцыя з’яўляецца крыніцай атруты насельніцтва, атрутай нябачнай, якая дасць свае вынікі з часам у выглядзе хвароб і смяротнасці. У свеце сёння эксплуатуюцца каля двухсот атамных электрастанцый, шмат з якіх знаходзяцца ў краінах Еўрапейскага звязу. Гэты аргумент вельмі часта прыводзіцца як прыклад з кантэкстам «за каго мы горшыя». Аднак звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін факт: існуе спецыяльная дамова паміж Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), ААН і Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі, згодна з якой СААЗ не павінна друкаваць вынікі сваёй працы без кансультацыі з МАГАТЭ. Гэта азначае, што існуе пэўная «змова маўчання» у пытанні высвятлення наступстваў працы атамнай індустрыі. Менавіта таму ні адна атамная электрастанцыя не публікуе канкрэтныя афіцыйныя дадзеныя, колькі чалавек захварэла на рознага рода анкалагічныя захворванні і колькі ў працаўнікоў АЭС нарадзілася хворых дзяцей. Пад пытаннем таксама застанецца наколькі шырокім былі сэрцы немцаў і італьянцаў, калі дзяцей, пацярпелых ад выбуху Чарнобыльскай АЭС, вывозілі лячыць на Захад.

«Я ўдзячны ўсім тым, хто нам дапамагаў, прафесарам, якія лячылі нашых дзяцей, аднак усё роўна мы застаемся толькі паддоследнымі кролікамі і для заходняй медыцыны і для нашай. Я цалкам падтрымліваю, што сёння дзяцей вывозяць толькі з дазволу Міністэрства аховы, – узгадвае Уладзімір Целяпун з Мазыра, які падчас чарнобыльскай аварыі быў «ліквідатарам. – 30 гадоў прайшло, жывем нібыта ўсё нармальна, аднак нядаўна ў маёй суседкі нараджаецца дзіця з пальчыкамі, якія зрасліся. І такіх выпадкаў шмат. А інфармацыі пра гэта няма».

Мабыць, ёсць прычына, чаму краіны ЕЗ выдаюць столькі грошай на распрацоўку экалагічных спосабаў здабычы энергіі.

Эканамічнае пытанне

Пытанне не адно. Пытанняў шмат. Чым будзем сплачваць крэдыт Расеі за пабудову? Куды будзем дзяваць лішкі энергіі, якую не збіраюцца купляць ні Польшча, ні Літва? Ці прымусяць нас мяняць газавыя пліты на электрычныя? Адкуль возьмем грошы, каб стабільна праводзіць утылізацыю радыёнуклідных выкідаў і адходаў? А калі вырашым утылізываць саму станцыю, адкуль возьмем на гэта грошы, калі сама ўтылізацыя каштуе столькі, колькі пабудова? Чаму Літва, якая мела добрыя падмуркі ўжо распачатай АЭС адмаўляецца ад далейшага будаўніцтва, таму што дорага, а мы пачынаем будаваць з нуля? Мы што, такія багатыя?

«За ўсё гэта прыйдзецца расплачвацца кожнаму беларусу. Ужо сёння можна гаварыць пра тое, што кожны беларус, пачынаючы ад грудных дзяцей, будзе даўжніком ад тысячы долараў, каб выплаціць расейскі крэдыт. На самой справе, доўг будзе нашмат большы. І каб закрыць тыя пралікі эканамічныя, дапушчаныя ў гэтай будоўлі, пэўна, што ўсё гэта перакладуць на плечы простых беларусаў і мы будзем разлічвацца за ўсе гэтыя глупствы, якія робіць улада.

Ніякай эканамічнай мэтазгоднасці ў гэтым няма. Гэта можа быць пацверджана тым, што ў 2006-м годзе ў Акадэміі навук была створана група на чале з часовым намеснікам прэзідэнта Мясніковічам, якая павінна была зрабіць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва АЭС. На жаль мы па сённяшні дзень не бачым гэтага эканамічнага абгрунтавання. Гэта адназначна не эканамічны праект, гэта чыстая палітыка з дамінатным вайсковым складнікам», – каментуе Мікалай Уласевіч.

Палітыка?

Беларусь будуе АЭС не як эканамічны праект, – сцвярджае спадар Мікалай. «Пра гэта казалі яшчэ тыя спецыялісты, якія працавалі ў Астраўцы падчас абследавання пляцоўкі. А сёння я магу сказаць, што гэты праект не проста палітычны, а з вайсковай дамінантай. АЭС – гэта вельмі небяспечны прамысловы праект, яго трэба вельмі моцна ахоўваць.

Я, як жыхар, ужо назіраю, як узнікае вайсковая інфраструктура, ужо раскватаравана адна вайсковая частка, кіраўніком якой з’яўляецца сын былога міністра абароны Жадобіна. Па-сутнасці там будзе створаны адпаведны пункт для аховы. А хто сказаў, што разам тым не будуць выконвацца іншыя задачы? Радыёлакацыя ўжо будуецца 2-3 км паміж Варнянамі і Гярвятамі. Там будзе радыёлакацыя, накіравана на захад. Адпаведна на такія рэчы грошы заўсёды знаходзяцца. І ў той жа Расеі перш за ўсё, якая сёння дэманструе дастаткова агрэсіўную палітыку. Вось менавіта манія велічы беларускага правадыра і нейкія расейскія інтарэсы якраз і вырашылі эканамічнае пытанне і пытанне дзе будаваць АЭС, у самым для гэтага непрыдатным месцы, затое пры межах ЕЗ», – лічыць ініцыятар кампаніі «Беларуская атамная – гэта злачынства».

Будова АЭС у Беларусі сёння пасля Чарнобыля нагадвае двух хлопчыкаў. Адзін хлопчык засунуў пальцы ў разетку і яго добра шандарахнула, аднак яшчэ больш шандарахнула хлопчыка, які сядзеў побач і нічога не саваў. І гэты шандарахнуты хлопчык, замест таго, каб уцяміць, што не трэба так рабіць, што дабром гэта не скончыцца, мазахістычна, але затое з амбіцыямі, пачынае сунуць пальцы ў разетку. Авось мяне не шандарахне?

«Чарнобыль нумар 2 – гэта рэальная з’ява, асабліва ў кантэксце тых падзей небяспечных, якія адбываліся на пачатку будаўніцтва ў мінулым годзе, якія адбываюцца зараз, бітыя рэактары напрыклад. Мы атрымоўваем шмат неафіцыйнай інфармацыі вельмі трывожнай ад саміх працаўнікоў. Наколькі яна сапраўдная? Думаю, што яна мае месца пад сабой, таму што гэта не мастацкая выдумка людзей. І пра сібірскую язву мы яшчэ раней казалі. Там быў яшчур – так мясцовыя называюць хваробу. На свінагадоўчай ферме ў Варнянах быў каранцін, палілі свіней і закопвалі іх 4-5 км ад атамнай электрастанцыі. Верыце ў містыку не верыце, але ўсё, як пальцам з неба ўказвае, што не трэба вам тут нічога будаваць. Нічым добрым гэта адназначна не закончыцца. Гэта знак бяды для Беларусі», – кажа спадар Мікалай.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары