Гамяльчук, які абмяняў у банку «пратэрмінаваныя» польскія грошы, купіў канапу і закадаваўся


50-гадовы мужчына не хаваўся ад праваахоўнікаў і не лічыць свой учынак махлярствам, бо не ведаў, што грошы выйшлі з абароту.

Польскія грошы жыхар аднаго з пасёлкаў Гомельскага раёну, які працуе вартаўніком і мае інваліднасць па зроку, знайшоў на лецішчы цёшчы сярод сшыткаў з вершамі жонкі. На ўсялякі выпадак ён паклаў іх у кішэню і забраў з сабою. Праз некалькі дзён жонка выслала яго ў краму па курыцу ды малако. Мужчына вырашыў зайсці ў банк і праверыць ці можна памяняць знаходку. На яго здзіўленне, працаўніца банку выдала яму за польскія злотыя больш трох тысяч беларускіх рублёў.

Мужчына не скнарнічаў: аддаў даўгі, даў грошы цёшчы і дачцэ, набыў канапу і ўжываную лядоўню, пачаставаў сяброў дарагім алкаголем і ежай. На апошнія грошы ён вырашыў закадавацца ад алкагалізму.

Крымінальную справу ўзбуджаць не будуць, бо няма крымінальнага намеру, паведамілі ў Гомельскім УУС. Аднак грошы прыйдзецца вярнуць.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў