Знайшлі цела 14-га дзіцяці, якое загінула на возеры ў Карэліі


Ратавальнікі знайшлі цела дзіцяці, якое знікла пасля шторму на Сямвозеры 18-га чэрвеня.

Пра гэта, як пішуць РИА «Новости», заявіў намеснік губернатара Карэліі Алег Цяльноў.

Па словах крыніцы ТАСС у праваахоўных органах, цела дзіцяці было знойдзенае «ў акваторыі Сямвозера ў 100 метрах ад берагавой лініі ў раёне селішча Лахта».

13-гадовы хлопчык быў адзіным дзіцём, які лічыўся зніклым без вестак. Ягоныя пошукі вяліся тыдзень. Раней у раёне бедства была знойдзеная выратавальная камізэлька.

Глядзіце яшчэ >>> «Ну што, як паплавалі?» – амбудсмен па правах дзіцяці пытаецца ў выжылых у Карэліі 

18 чэрвеня гурт школьнікаў, якія адпачывалі ў летніку ў Карэліі, трапілі на лодках у шторм. Улады паведамлялі пра гібель 14 дзяцей, аднак цела аднаго дзіцяці не было знойдзенае. Пошукі працягваліся тыдзень, у МНС выказвалі надзею, што дзіця можа быць жывое.

Следчы камітэт завёў некалькі крымінальных спраў у сувязі з гібеллю дзяцей на Сямвозеры. У рамках расследавання было затрымана кіраўніцтва лагера ды інструктары, якія працавалі з дзецьмі.

Дырэктар летніку Алена Рэшатова і яе намеснік Вадзім Вінаградаў абвінавачваюцца паводле артыкулу «аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, што пацягнула смерць дзвюх і больш асоб» (ч. 3 арт. 238 КК Расеі, да дзесяці гадоў пазбаўлення волі). Чальцу карэльскага «Расспажыўнагляду» Анатолю Каваленку выстаўленае абвінавачванне паводле артыкулу «халатнасць» (ч. 3 арт. 293 КК Расеі, да сямі гадоў пазбаўлення волі).

Следчы камітэт таксама пачаў крымінальную справу ў дачыненні да фельчара, якая праігнаравала званок дзіцяці, што прасіла аб дапамозе. Справа заведзеная паводле артыкулу «халатнасць». 25 чэрвеня суд адмовіўся заключыць яе пад варту.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў