«Знайшлі са слядамі катаванняў». Беларускі спецназавец, які ваяваў за ДНР, загінуў у Расеі


Учора ўкраінскія СМІ паведамілі пра гібель на Данбасе беларуса, былога спецназаўца Уладзіміра Ястрабава, пазыўны «Ястраб», які ваяваў на баку сепаратыстаў. Аднак насамрэч загінуў Ястрабаў у лютым 2016 году не ў зоне баявых дзеянняў, а ў Расеі пры крымінальных абставінах. Яму было 29 год.

Як распавёў belsat.eu адзін з сяброў Ястрабава па Данбасе, на пачатку 2016 года ён з’ехаў з ДНР у Цвер.

«Ваяваў ён у выведцы, у батальёне «Бэтмэн». Раптам за нейкую правіннасць яго схапілі і пасадзілі ў турму, як кажуць у нас – на яму. Нейкім чынам яму ўдалося выбрацца адтуль і збегчы ў Цвер. А ў лютым знаёмыя знайшлі яго ў здымнай кватэры мёртвым са слядамі катаванняў», – сказаў сябар Ястрабава.

Саслужыўцы не выключаюць, што забойства магло быць звязана з падзелам бюджэту ўзброеных фармаванняў.

Пра загінулага вядома, што ён быў грамадзянінам Беларусі, родам з Магілёва, праходзіў службу ў спецназе ўнутраных войскаў МУС, у вайсковай частцы 3310 пад Менскам. Працаваў ахоўнікам у магілёўскім клубе. Паехаў ваяваць у 2014 годзе на бок сепаратыстаў, пасля чаго наведваў Беларусь і зноў зʼязджаў у ДНР.

Беларусы на Данбасе гінуць па абодва бакі канфлікту. Акрамя Ястрабава, у спісах забітых беларусаў-сепаратыстаў фігуруюць жыхар Асіповічаў Сяргей Сцебіхаў, менчук Андрэй Мокіч і яшчэ адзін былы спецназавец з-пад Менску Вадзім Васілеўскі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў