Зміцера Паліенку накіравалі ў бабруйскую калонію


У якасці месца зняволення сацыяльнаму актывісту прызначылі папраўчую калонію №2 у Бабруйску.

З улікам часу, праведзенага летась пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста складзе паўтары гады і 13 дзён. Гэтае судовае рашэнне абскарджанню не падлягае.

Сярод тых, хто ў папярэднія гады адбываў у ПК-2 тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў, былі фігурант «справы 14-ці» Андрэй Кім, вязні Плошчы-2010 Зміцер Дрозд і Андрэй Пратасеня, кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Таксама ў гэтай калоніі на ўзмоцненым рэжыме адбываў пакаранне па першай крымінальнай справе Андрэй Бандарэнка, піша spring96.org.

Вы можаце падтрымаць актывіста лістом.

Змітру Паліенку

ПК-2, у каранцін,

вул. Сікорскага, 1, г. Бабруйск,

Магілёўская вобласць, 213800

Паводле працэдураў, пасля прыбыцця ў калонію яго мусяць змясціць у так званы «каранцін» – закрыты атрад, у якім новыя вязні знаходзяцца два тыдні – за гэты час яны праходзяць медычнае абследаванне, а адміністрацыя вывучае іх справы, афармляе ўліковыя дакументы, пасля чаго размяркоўвае па атрадах.

Праваабаронцы прызналі Зміцера Паліенку палітвязне.

Хто такі Зміцер Паліенка

Падставай для крымінальнага пераследу Зміцера Паліенкі стаў ягоны ўдзел у мірнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка 2016 г., якая была гвалтоўна спыненая супрацоўнікамі міліцыі.

12 кастрычніка 2016 г. Зміцер Паліенка быў асуджаны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і па частцы 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) на два гады з адтэрміноўкай. 7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Менска адмяніў адтэрміноўку і Паліенку адвезлі адбываць пакаранне проста з будынку суду.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў