Зміцер Вайцюшкевіч: «У "Палац" мяне ўзялі спяваць Уцёсава»


2 лістапада ў КЗ «Мінск» адбудзецца юбілейны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 год на сцэне» з удзелам гурта WZ-Orkiestra і запрошаных гасцей. Напярэдадні выступу Вайцюшкевіч распавёў, як з падземнага пераходу патрапіў у гурт «Палац».

Зміцер Вайцюшкевіч нарадзіўся ў пасёлку Бярозаўка Лідскага раёну, знакамітага дзякуючы шклозаводу «Нёман». З дзяцінства спяваў. У школьныя гады пачаў займацца на кларнеце. У 1990 годзе скончыў Лідскую музычную вучэльню і паступіў ва Універсітэт культуры.

«Першыя два гады ў Менску я проста вучыўся і гадзінамі займаўся на кларнеце – мне гэта вельмі падабалася, – распавядае Вайцюшкевіч. – Усё змяніў 1992 год. Я граў на кларнеце ў пераходзе на плошчы Перамогі, калі незнаёмая дзяўчына запрасіла мяне на зборны канцэрт «Мроі», «Новага неба» ды «Уліс» у Палац культуры чыгуначнікаў – лепшых беларускіх рок-гуртоў таго часу. Там я зразумеў дзве рэчы. Першае – я закахаўся ў беларускую песню. Другое – трэба варушыцца, калі хачу патрапіць на сцэну».

Зміцер падаў заяўку на першы Конкурс нацыянальнай песні і паэзіі, які рабіла Беларускае тэлебачанне. Там Вайцюшкевіч выканаў песню «Спатканне» на вершы Аляксандра Лягчылава з рэпертуару ансамбля «Сябры» – гэта было першае з’яўленне Вайцюшкевіча на тэлеэкранах. Але аўтарытэтнае журы ў другі тур маладога спевака не прапусціла, бо палічыла «сырым».

«Увосень 1992 аднакурснік распавёў мне пра праслухоўванне ў гурт «Палац», які тады зваўся «Дворец кукурузных палочек». Гэта быў студэнцкі калектыў. Яны рыхтавалі дзве праграмы: беларускіх народных песень і джазава-эстрадную на тэму савецкіх часоў. У першай выдатна спяваў Алег Хаменка, а мяне ўзялі на другую, спяваць Уцёсава, – тлумачыць Зміцер Вайцюшкевіч. – Але раптам стрэліла менавіта першая, таму гурт пераназвалі ў «Палац» і наш джаз ніхто не пачуў. Я застаўся на бэк-вакале і духавых. Мой каронны нумар быў, калі я выходзіў чытаць рэп на англійскай у песні «Русалкі». Цяпер выглядае смешна, а тады гэта было неверагодна крута».

З таго часу змянілася шмат: Зміцер сышоў з гурта «Палац», прайшоў праз «Kriwi», запісаў шмат сольных альбомаў. Але галоўнае засталося нязменным – любоў Вайцюшкевіча да беларускай песні.

Зміцер Вайцюшкевіч «25 гадоў на сцэне»

2 лістапада – КЗ «Мінск» – 19:00

Квіткі: ад Br 20 да 28

Продаж: касы і сайт Kvitki.by, каса КЗ «Мінск»

Інфалінія: (033) 661 14 32

belsat.eu

Стужка навінаў