Зміцер Вайцюшкевіч і Pauline. Пасланне ўсім беларусам

urgent

Зміцер Вайцюшкевіч і Pauline запісалі легендарную песню «Бывайце здаровы!» для праекту «Белсату» ды «Тузіну гітоў» «Новае пакаленне на Новы год».

«Гэтая песня ніколі не губляла сваёй актуальнасці. Асабліва дарэчы яна гучыць узімку. Асабліва ў час, калі крызіс. Гэта наша пасланне ўсім беларусам. Вельмі хочацца, каб у нас усё заўжды было добра, таму і пяём яе!», – кажа Зміцер Вайцюшкевіч у выкананні якога ўжо ў нулявыя гэты спеў атрымаў другое дыханне.

У песні «Бывайце здаровы» цікавая гісторыя. Яе лічаць сваёй расейцы і ўкраінцы, існуе таксама варыянт па-літоўску. Беларускі тэкст быў напісаны ў 1936 годзе. А першай твор праспявала маці Адама Русака, якая паклала словы сына на вядомы ў іх роднай вёсцы Пясочнае вясельны матыў. Паралельна сваю мелодыю на «Бывайце здаровы» прыдумаў сакурснік Русака па Менскім музычным тэхнікуме Ісак Любан, а на расейскую пераклаў Міхаіл Ісакоўскі, які памылкова прыняў тэкст за народны і пэўны час менавіта яго лічылі аўтарам музыкі. У 40-я гады «Бывайце здаровы» гучала ў розных выкананнях на радыё, у кінафільмах, выдавалася на грампласцінках. Найбольшую вядомасць у беларускамоўным варыянце яна атрымала ў выкананні Ларысы Александроўскай (1942).

Версія Вайцюшкевіча была запісаная для праекту «Я нарадзіўся тут» (2000), з таго часу яна трывала ўвайшла ў рэпертуар спевака.
Менавіта ёю вырашана было ўпрыгожыць праект «Новае пакаленне на Новы год», для якога Зміцер Вайцюшкевіч выканаў яе жыўцом разам з піяністам Канстанцінам Гарачым і баяністам Аляксандрам Шувалавым у дуэце з спявачкай Pauline (Палінай Цімохінай).

«Дуэт са Змітром атрымаўся нечакана і спантанна. Мы мусілі адлюстраваць у нашым нумары сувязь паміж двума пакаленнямі. А сама песня – гэта як ўвасабленне добрых традыцый, якія мы шануем і перадаем адно адному. Мне здаецца, эксперымент атрымаўся ўдалы, цёплы, душэўны. Тое, што трэба для сямейнага свята!», – кажа Паўліна, якая сёлета прызнаная адкрыццём году ў беларускай музыцы.

Песня «Бывайце здаровы» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год», відэаверсію якога можна паглядзець 31 снежня 2015 у 23.15 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».

Бывайце здаровы,

Жывіце багата,

А мы ўжо ж паедзем

Да дому, да хаты.

У зялёнай дуброве

Мы начаваць будзем.

І вашае ласкі

Вавек не забудзем.

У вашай гасподзе

Шырокае поле,

Няхай жа на шчасце

Цьвіце ваша доля.

На рэчках на вашых

Бурлілі каб воды

І плавалі з крыкам

Гусей карагоды.

Каб жыта ў полі

Трубою вілося,

Каб сала ў хаце

Кубламі вялося.

Штодзень у капусце

Каб плавала шкварка,

Да ёй, калі трэба,

Вялася б і чарка.

Яшчэ вам жадаем

Прыбытку ў хаце –

Ні мала ні многа –

Штогод па дзіцяці.

Ня будзем мы ў крыўдзе

Яшчэ і за тое,

Калі пашанцуе

На год і па двое.

Дарогу ж мы знаем

Да вас, ягамосці,

I ездзіць мы будзем

Да вас часта ў госці.

Эй, хто на адведы,

Эй, хто на радзіны –

Вазіць караваі

Па дзве паўасьміны.

Глядзі таксама
Каментары