Зміцер Дашкевіч пра суд над Пальчысам: Спецслужбы лажануліся


Рэдактар сайту 1863х.com Эдуард Пальчыс, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, на лаве падсудных. Працэс распачаўся ў Менску ды праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабаронцы, блізкія і знаёмыя блогера гавораць пра палітычны кантэкст справы.

Пальчыса затрымалі ў Расеі яшчэ ў студзені, у траўні – экстрадавалі ў Беларусь. Суд прызнаў 9 матэрыялаў, размешчаных на сайце 1863х.com, экстрэмісцкімі. Пальчыса абвінавачваюць у двух крымінальных артыкулах: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці ды распаўсюд парнаграфіі. Блогеру пагражае да 5 гадоў абмежавання волі ці да 4 гадоў пазбаўлення волі. Дэмакратычная супольнасць лічыць, што працэс паказальны, каб у Расеі бачылі, што ў Беларусі змагаюцца з нацыяналізмам.

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч мяркуе, што суд над Эдурдам Пальчысам закрыты, бо спецслужбы Беларусі і Расеі «лажануліся» ды саромеюцца паказаць грамадскасці тамы гэтай крымінальнай справы.

«Рэжым сваймі неадэкватнымі дзеяннямі робіць шоу з гэтага суда. Мы імкнемся логікай, розумам зразумець такія рэжымы аўтарытарныя. Яны ніколі розумам не кіраваліся, яны кіруюцца нейкімі жывёльнымі інстынктамі – трэба прыдушыць іншадумства, супрацьстаяць любым праявам свабоды думкі, таму мы назіраем гэтую неверагодную па сваёй абсурднасці крымінальную справу, калі чалавека садзяць толькі за тое, што ён спавядае пэўныя погляды, ідэі, якія выражае не ў нейкай абуральнай форме. Сапраўды, слова Эдуарда Пальчыса было спецыфічнае для аўдыторыі, але абсалютна ніякіх злачынных заклікаў, чытаючы артыкулы, я не бачыў. Дзіўна, што беларускія ўлады іх знайшлі. Працуюць сайты пятай калоны, якія абвяшчаюць, што няма такой дзяржавы, як Беларусь, няма такога народу, мы тут усе расейцы. Вось дзе парушэнне Канстытуцыі, вось дзе парушэнне законаў. Чаму іх не садзяць?», – падкрэсліў спадар Дашкевіч.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў