Змітру Крэмянецкаму не кампенсуюць 10 содняў на Валадарцы. Ён падасць на КДБ у суд яшчэ раз


Падчас разгляду справы маладафронтаўца адказнасць з КДБ перанеслі на Мінфін. Аднак міністэрства «не бачыць падставаў» задаволіць пазоў.

Суддзя Паліна Анціпчук з суду Маскоўскага раёну Менску не задаволіла сёння пазоў Змітра Крэмянцкага, які патрабуе ад КДБ кампенсацыі шкоды за незаконныя 10 содняў за кратамі.

  • Крамянецкага затрымалі 23 сакавіка сёлета. 2 чэрвеня са Змітра Крамянецкага, як і з усіх маладафронтаўцаў, знялі абвінавачанне «ў рыхтаванні масавых закалотаў» з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства.

«Мы падалі позву пасля таго, як Следчы камітэт выдаў мне пастанову, што я маю права на кампенсацыю маральнае шкоды. Пазней яны даслалі мне ліст, у якім напісалі: «Ой, ізвініце, мы ашыбліся – вы не маеце такога права». Але позва ўжо была ў судзе», – кажа Крэмянецкі.

«Кінулі ў турму проста так – а потым нават не выбачыліся»

Падчас разгляду справы адказчыкам стала Міністэрства фінансаў.

У гэтым Зміцер Крэмянецкі не бачыць нічога дзіўнага.

«Гэта звычайная практыка: за незаконнае асуджанне заўжды разлічваецца Міністэрства фінансаў. Каб не передаваць грошы праз трэція рукі яны плацяць напрамую», – сцвярджае Крэмянецкі.

Актывіст, аднак, лічыць адказным менавіта КДБ, а таксама непасрэдна кіраўніка дзяржавы.

«КДБ затрымліваў і распачынаў крымінальную справу. Да мяне прыехалі дадому, правялі вобшук, забралі асабістыя рэчы, кінулі ў Валадарку, дзе я адседзеў проста так, а потым нават не папрасілі прабачэння – маўляў, усё добра, – дадае Крэмянецкі. – А Лукашэнка сказаў па тэлевізары, што мы бандыты і тэрарысты».

Актывіст збіраецца абскарджваць судовае рашэнне ў Менскім гарадскім судзе.

ВЧ/ДД

Стужка навінаў