Зміцер Дашкевіч: Для нас людзі, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкай кампаніі, – ніхто


Лідар «Маладога фронту» прапаноўвае падчас выбараў «застацца ў старонцы», каб паназіраць за пустымі ўчасткамі для галасавання.

«Мы будзем супрацьстаяць усім кандыдатам, якія не выйдуць з выбарчай кампаніі. Усіх, хто гэтага не зробіць, адносім да карнай сістэмы Лукашэнкі», – такую заяву напярэдадні вызвалення палітвязняў размясцілі на сайце моладзевай арганізацыі «Малады фронт».

У інтэрв’ю журналісту Belsat.eu Яўгену Балінскаму лідар маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч распавядае, як змянілася пазіцыя арганізацыі пасля вызвалення «палітычных».

Кандыдаты на прэзідэнцтва: у апошняй рысы

Belsat.eu: Заява «МФ» трохтыднёвай даўніны: «Ва ўмовах, калі ў турмах застаюцца палітвязні з выбараў-2010, удзельнічаць у цяперашніх – ганебна». Цяпер, ужо пасля вызвалення палітвязняў, гэта ўсё яшчэ ганебна?

Зміцер Дашкевіч: Вядома, ужо не ў такой жа ступені ганебна, а проста неразумна. Раней прэтэнзіі можна было прад’яўляць з маральнага пункту гледжання, таму што гэта было свінствам, але цяпер такіх прэтэнзій ужо няма. Аднак тыя людзі, якія балатаваліся, ніяк не адрэагавалі на гэтую заяву, што гаворыць пра тое, якія яны.

У той жа заяве было сказана, што вашая арганізацыя будзе супрацьстаяць тым, хто не абвесціў байкот. Што цяпер?

Асабіста для мяне стратэгіі ўсіх кандыдатаў былі непрымальныя. Хтосьці спрабуе падладжвацца пад Лукашэнку, што мы ўжо неаднаразова назіралі ў гісторыі дэмакратычнага руху Беларусі, нехта з пачатку кампаніі заяўляў, што ён не супраць рэжыму. Для нас усе гэтыя людзі – ніхто, і пры такім раскладзе, які назіраецца, марнаваць свае сілы на выказванні або агітацыю супраць іх – толькі ліць ваду на млын гэтых кампаній, чаго, магчыма, яны і хочуць. Вынікі кампаніі-2015 падвядуць рысу пад гэтымі палітыкамі, як ужо было ў 2010-м. Цяпер яны пачнуць надзімаць шчокі, нешта сабе прыдумляць, але ўсё ўстане на свае месцы.

Да чаго цяпер заклікае «Малады фронт»?

Большасць актывістаў схіляецца да ідэі байкоту з ужо вядомых прычынах.

Зараз з’яўляюцца выказванні розных асоб апазіцыі то з ідэямі паўнавартаснага байкоту, то з ідэяй байкоту сёлетніх выбараў, але з жаданнем арганізаваць новыя з адзіным кандыдатам Статкевічам…

Мне гэта незразумела гэтак жа, як і Вам. І тут ужо мала каму што зразумела: хто ў лес – хто па дровы. Адныя кажуць: «Мы застаемся збоку», іншыя: «Байкот!», трэція: «Не ўдзельнічаем самі або здымаемся на карысць Статкевіча», чацвёртыя: «За байкот гэтых выбараў, але за новыя са Статкевічам». І ў чым тут розніца – мне самому цяжка разабрацца. Пазіцыя «застацца ў старонцы» і пустыя ўчасткі – адзіная зброя, як мне здаецца, якая ёсць сёння ў дэмакратычнай апазіцыі. Ці мы выкарыстаем гэтую зброю – паглядзім, але ў мяне не надта шмат ілюзій на гэты конт.

Тры адцення агрэсіі

І спіс «чарнасоценных» арганізацый, складзены «Маладым фронтам», і ў цэлым, стаўленне да ўсяго расейскага – Вам не падаецца, што ў пагоні за выяўленнем усяго варожага мы мажам усё расейскае адной фарбай, у тым ліку і тое, што мае зусім іншую накіраванасць, акрамя як прынесці шкоду цэласнасці Беларусі?

Гэта непазбежны працэс. Можна падняць нядаўнюю гісторыю пра тое, як савецкі народ ставіўся да ўсяго нямецкага. На вялікі жаль. Сёння Расея ёсць агрэсарам, і цяперашняе кіраўніцтва Расеі вінавата ў тым, што расейскі дзяржаўны сцяг успрымаецца не проста як сцяг нейкай дзяржавы, а як сцяг-агрэсар. І для мяне незразумела, чаму грамадзянін Беларусі вешае на машыну расейскі сцяг. Што ён хоча гэтым сказаць ці падкрэсліць? Што ён любіць Расею, Дастаеўскага ці што? Я думаю, зусім пра іншае: што Беларусь гэта частка Расеі. Ёсць меркаванне, што Беларусь – адзін вялікі Крым, і калі Расея пажадае змяніць чырвона-зялёны сцяг на свой трыкалор, то ёсць небяспека, што ўсё зменіцца за некалькі дзён.

Belsat.eu

Стужка навінаў