Зміцер Дашкевіч: Апетыты Крамля ўзрастаюць


Сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч даў параду, што трэба рабіць, каб Беларусь не паўтарыла лёс Крыму і Данбасу.

«Малады фронт» склаў спіс арганізацыяў «расейскага свету» – топ 100 агмянёў крамлёўскай агрэсіі ў Беларусі». У спісе апынуліся такія арганізацыі як «Русь Единая», «Русь Молодая», суполкі «Русскогонациональногоединства», пункты вербавання ў ДНР, а таксама казацкія арганізацыі ды клубы, якія праводзяць «расейскія вечарыны».

Сустаршыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевічу інтэрв’ю радыё «Рацыі» падкрэсліў, што арганізацыі, якія ўвайшлі ў спіс, будуць аднымі з першых вывешваць расейскія сцягі, калі ў Беларусь увойдуць расейскія танкі. Праца ж падчас складання спісу засведчыла, што «расейскі свет» мае ў Беларусі грандыёзныя памеры, падкрэсліў дзеяч.

«Мы мяркуем, што гэта толькі вяршыня айсбергу, толькі тое, што афіцыйна выкладаецца ў медыях, толькі тое, чым самі гэтыя «чарнасоценцы» бахваляцца. Калі зарэгістраваныя структуры пры падтрымцы дзяржавы праводзяць нейкія напаўвайсковыя манеўры, страляюць, збіраюць моладзь, даюць ім пад патранажам РПЦ і чыноўнікаў зброю, ордэны – гэта вельмі страшна. Трэба разумець, што і сам Лукашэнка 20 гадоў змагаючыся з нацыянальнай апазіцыяй, адбудоўваў гэты «расейскі свет». І зараз, нават калі б ён захацеў адгарадзіцца, гэта вельмі складана зрабіць, таму што 20 гадоў адбудоўваліся структуры «расейскага свету». І калі раней гэта рабілася ціха, то зараз гэта набірае размах, таму што апетыты Крамля, зразумела, узрастаюць».

Чытайце яшчэ: «Мяккая сіла» жалезнай хваткі. Беларусь у абдымках «Расейскай супрацы»

Вялікую праблему Дашкевіч бачыць у тым, што Беларусь на дзяржаўным узроўні падтрымлівае арганізацыі «расейскага свету»: «Напрыклад, актывісты «Маладога фронту» ці іншай незарэгістраванай арганізацыі, не могуць сабрацца больш за 10 чалавек – адразу ж уломваецца спецназ, выбіваюць дзверы, тут жа ж арыштоўваюць, і гэта робіцца ў дачыненні да людзей, каторыя прапагандуюць нацыянальную ідэю, хрысціянскія прынцыпы. У той жа ж час спакойна збіраюцца тыя людзі, якія абвяшчаюць, што «Беларусі няма, Беларусь – гэта фэйк, нейкая гістарычная недарэчнасць».

Паводле былога палітвязня, на дзейнасць «чарнасоценных» арганізацыяў трэба звяртаць увагу дзяржаўных структур, дзе могуць быць адэкватныя людзі, якія могуць пачаць нейкія следчыя дзеянні. Патрыётам Беларусі Дашкевіч раіць пераходзіць на беларускую мову, што, на ягоную думку, ніколі не дапусціць таго, што адбылося з Крымам і Данбасам.

«Апытанні сведчаць, што ў Беларусі 30-40 % людзей, каторыя выступаюць за адзіную дзяржаўную беларускую мову. Няхай яны заўтра пачнуць размаўляць па-беларуску! Ніякі расейскі шавініст не зможа заўтра прыехаць у Менск, у іншы горад, і сказаць «тут расейскі свет», калі кожны трэці на вуліцах будзе размаўляць па-беларуску. Гэта самае галоўнае», – заўважыў сустаршыня «Маладога фронту».

МЯ, паводле racyja.com

Стужка навінаў