Змена ўлады ў Казахстане залежыць ад колькасці пратэстоўцаў

video

Карэспандэнтка «Белсату» ў Лондане Вікторыя Колчына паразмаўляла з былым кіраўніком першай незалежнай тэлекампаніі ў Цэнтральнай Азіі Бахытжанам Кетэмбаевым.

За апошні месяц у Казахстане прайшлі хвалі пратэстаў пра змены ў зямельным кодэксе. Эксперты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў заклікалі казахскія ўлады спыніць крымінальны пераслед людзей, што пратэстуюць супраць гэтак званай зямельнай рэформы.

У трох гарадах краіны людзі выйшлі на вуліцы з патрабаваннямі не прадаваць зямлю ў арэнду замежнікам. У мітынгах прынялі ўдзел больш за 2 тысячы чалавек, што зʼяўляецца рэдкай зʼявай для краіны, дзе пераследуюць за публічную крытыку дзяржаўнай палітыкі.

Пасля масавых мітынгаў Нурсултан Назарбаеў абвесціў мараторый на ўступленне ў сілу паправак да зямельнага кодэксу, якія дазволілі б надоўга аддаваць вялікія плошчы замежным асобам і фірмам, найперш з Кітаю. Карэспандэнтка «Белсату» ў Лондане Вікторыя Колчына паразмаўляла з палітычным імігрантам і былым кіраўніком першай незалежнай тэлекампаніі ў Цэнтральнай Азіі Бахытжанам Кетэбаевым.

Чаму пратэсты здарыліся толькі цяпер?

Мне падаецца не арэнда зямлі зʼяўляецца галоўнай праблемай. Арэнда зямлі гэта правільна і патрэбна, эканамічна мэтазгодна. Праблема ў абсалютнай карумпаванасці нашай улады, у наплявацельскім стаўленні да інтарэсаў народу. Праблема ва ўзурпацыі Назарбаевым улады ў Казахстане. Калі б цяпер у краіне была нармальная ўлада, без праблем трэба было б рабіць гэтыя папраўкі, прыцягваць людзей у сельскую гаспадарку. Канешне ёсць гістарычная боязь перад Кітаем, але тады трэба абгаворваць умовы арэнды – каб яе не было ў памежных раёнах, каб былі канкрэтныя ўмовы празрыстасці. Усе гэтыя дамовы магчымы і рэальны толькі ў нармальным дэмакратычным грамадстве. Цяпер нават калі ўсе гэтыя папраўкі будуць унесеныя ў закон, ніхто ня можа гарантаваць іх выкананне.

У апошні раз, калі ў Казахстане былі пратэсты такога маштабу, паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах і 14 чалавек загінула. Як цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад 2011 года і ці магчымы такі варыянт развіцця падзей?

Такі варыянт магчымы, да чаго ён прывядзе – вялікае пытанне. Мы бачым сітуацыю ва Украіне. Януковіч пачаў разгон Майдану, і да чаго гэта прывяло. У Казахстане вялізная армія паліцэйскіх і сілавых органаў, якіх больш, чым нашай арміі. Зразумела, што ёсць спакуса выкарыстаць, але я думаю ўсё будзе залежыць ад колькасці людзей на пратэстах. Калі выйдзе тысяча, то ўсе разыдуцца і застануцца пры сваіх. Калі выйдзе сто, іх разгоняць, актывістаў арыштуюць. Калі выйдзе пяць, пачнуцца нейкія палітычныя рэформы, хаця б абяцанні. Калі выйдзе 15-20 тысяч у Алма-Аце альбо Астане, паліцыя і камітэт дзяржбяспекі далучыцца да народа разам з іншымі доўгачаканымі падзеямі.

Нурсултан Назарбаеў заявіў, што ён не дапусціць развіцця ўкраінскага сцэнару. Што ён меў на ўвазе, і якія варыянты развіцця падзей, калі пратэсты працягнуцца?

Кагосьці купяць, кагосьці запужаюць, кагосьці разваляць. Можа гэтыя папраўкі прымуць не цяпер, а праз паўгоды-год, не ў гэтым выглядзе, неяк завуаліруюць, але Назарбаеў усё роўна будзе працягваць сваю лінію.

Поўная версія інтэрв’ю – у відэафайле.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары