Змена дзяржаўнай сімволікі, збіццё дэпутатаў БНФ і курс на інтэграцыю з Расеяй


У Менску прэзентуюць кнігу Сяргея Навумчыка пра пераломны для Беларусі дзевяноста пяты год.

Паводле рэферэндуму 1995 года, расейская мова набыла статус другой дзяржаўнай, кіраўнік краіны атрымаў больш правоў, а герб «Пагоня» замянілі на мадыфікаваны савецкі. Аўтар распавёў пра кнігу па відэасувязі – цяпер ён жыве ў Чэхіі, дзе ў 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак.

АЛЕГ ТРУСАЎ, ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ 12-ГА СКЛІКАННЯ:

«З усіх кніг Навумчыка гэтая самая лепшая, таму што менш асабістых разваг і ідзе як кажуць такая гістарычная праўда, там маса дакументаў канкрэтных, імёнаў, прозвішчаў».

Сяргей Навумчык быў адным з дзевятнаццаці дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якія абвесцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму, але ўзброеныя сілавікі збілі народных абраннікаў і выкінулі іх з парламенту. Менавіта гэты эпізод стаў цэнтральным у творы аўтара.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

«Гэта гісторыя, наша гісторыя з вамі, а гісторыю мы мусім ведаць, вывучаць яе. Чым больш мы будзем ведаць пра дзень учорашні, тым менш памылак мы будзем рабіць заўтра і паслязаўтра».

Крытыкі ўжо назвалі кнігу «ўзорным нацыянальным нон-фікшанам», бо аўтар спрабуе стварыць цэласны вобраз Беларусі як краіны з самастойнай гісторыяй.

Цяпер Сяргей Навумчык працуе над наступнай кнігай, якая будзе называцца «Дзевяноста шосты» і пазнаёміць чытачоў з падзеямі гэтага года. Аўтар абяцае, што яна будзе яшчэ больш асабістая.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Стужка навінаў