Змаганне з алкагалізмам: у Літве павышаюць акцызы, у Беларусі – змяняюць методыку падліку


Прэм’ер Літвы заявіў, што павелічэнні акцызаў на алкаголь апраўдала сябе.

Прэм’ер-міністр суседняй краіны Саўлюс Сквярняліс выказаўся пра рэзкае павелічэнне ў Літве акцызнага збору на алкаголь, якое пачала дзейнічаць сёлета.

На ягоную думку, спажыванне алкаголю скарацілася, а паступленні ў бюджэт не зменшыліся.

«Гэта павышэнне акцызаў, калі казаць пра слабыя алкагольныя напоі – піва, сапраўды было рэзкім. Яно дасягнула выніку. Збор акцызаў не паменшыўся. У сутнасці мы збіраем больш або столькі ж. У нас назіраецца скарачэнне спажывання ў асобных сектарах – слабых алкагольных напояў. Мяркую, што мэты дасягнутыя. Спажыванне менш, а акцызы мы не страцілі, як нас палохалі», – адзначыў у чацвер прэмʼер-міністр у інтэрвʼю радыёстанцыі «Ziniu radijas».

Паводле апошніх дадзеных Дзяржаўнай падатковай інспекцыі Літвы, дэклараваныя акцызныя зборы за 7 месяцаў гэтага года склалі 174,463 млн еўраў – на 24,4% больш, чым за такі ж перыяд мінулага году. За гэты перыяд больш за ўсё скараціўся аптовы гандаль (праз акцызныя склады) піва – на 14,5%, віна прадалі на 5,9% менш.

«Абʼектыў» пра праблему алкагалізму ў Беларусі

Да гэтага часу акцызы ў Літве павышаліся паступова, аднак парламенцкая большасць вырашыла, што з алкагалізмам варта змагацца і рэзка павысіла акцызы. З пачатку сакавіка акцызныя зборы ў Літве значна павялічыліся на піва і віно – да 112 %, на этылавы алкаголь – прыкладна на 23%.

Літва і Беларусь – адныя з самых пітушчых краінаў свету

Летась Літва была прызнаная самай пітушчай краінай свету.

Пра гэта заявіў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Гаўдэн Галеа. У 2016 годзе адзін жыхар гэтай краіны ў сярэднім выпіў 16 літраў алкаголю.

Беларусь замацавалася на другой прыступцы, дзе на кожнага жыхара прыпадае каля 15 літраў алкаголю ў год.

Цяпер жа Белстат зацвердзіў новую методыку разліку спажывання алкаголю – адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове, апублікаванай нядаўна на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з пастановай, з абʼёму спажывання алкагольных напояў у натуральным выражэнні будзе выключацца турыстычнае спажыванне, якое будзе разлічвацца ў адпаведнасці з «міжнароднымі рэкамендацыямі ў галіне статыстыкі турызму».

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt

Стужка навінаў