Златан Ібрагімавіч патлумачыў, навошта зрабіў тату з 50 імёнамі незнаёмых людзей


Нападнік французскага клубу «Пары-сэн-Жэрмэн» ды капітан зборнай Швецыі Златан Ібрагімавіч заявіў, што далучаецца да барацьбы з голадам у межах Сусветнай харчовай праграмы ААН. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці, ён зрабіў татуіроўку з 50 імёнамі тых, хто цярпіць ад голаду.

Паводле ацэнак ААН, у свеце пакутуе ад нястачы ежы не менш за 805 мільёнаў асобаў. Ібрагімавіч заявіў, што калі б мог, зрабіў бы на сваім целе татуіроўку з імёнамі ўсіх гэтых людзей.

«Калі я выходжу куды-небудзь, людзі пазнаюць мяне, называюць маё імя і вітаюць. Але ёсць імёны, якіх ніхто не ведае. Мільёны людзей пакутуюць ад голаду, сярод іх большасць – дзеці. Гэта ахвяры войнаў, катаклізмаў і нястачы. У мяне шмат прыхільнікаў, якія падтрымліваюць мяне і я хацеў бы, каб падтрыманне атрымалі тыя, каму яно сапраўды патрэбнае. Цяпер, калі вы будзеце чуць маё імя, вы будзеце ўзгадваць і іншыя імёны. Калі вы будзеце бачыць мяне, вы будзеце бачыць і іх», – сказаў Ібрагімавіч у адмысловым роліку.

Упершыню Ібрагімавіч паказаў свае татуіроўкі падчас матчу «Пары-сэн-Жэрмэн» з «Канам». Забіўшы гол, ён зняў кашулю і стаў пазіраваць перад камарамі. За гэта суддзя пакараў яго жоўтаю карткаю.

Златан Ібрагімавіч – шведскі гулец баснійска-харвацкага паходжання. Лічыцца адным з самых непрадказальных і тэхнічных гульцоў. Адначасова з гэтым яго называюць грубіянам і скандалістам. Трансферны кошт гульца складае 30 млн. еўраў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў