«Зімовыя канікулы» на Беларускім металургічным заводзе – працаўнікоў пераводзяць на дзве траціны акладу

video

Доўгі навагодні адпачынак для некаторых – зусім не свята. На крызісных беларускіх прадпрыемствах супрацоўнікаў пераводзяць на дзве траціны голага акладу ды адпраўляюць на «зімовыя канікулы». Але праблема далёка не сезонная. Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась у студзені-верасні ў рэжыме няпоўнай занятасці працавала 260 тысяч чалавек. Гэта ў два разы больш, чымся ў 2014-м. Цяпер чарга дайшла і да лідара беларускае металургіі.

Неэфектыўны менеджмент ці сусветны крызіс? А можа, адно і другое разам? Вынік адзін: Беларускі металургічны завод, што ў Жлобіне, апынуўся ў вельмі складанай фінансавай сітуацыі.

Колішні флагман беларускае гаспадаркі ў найлепшыя гады фармаваў да 3 % ВУП краіны. Але пасля завяршэння інвестыцыйных праектаў коштам адзін 1,2 мільярды долараў 2014 год скончыў з адмоўным вынікам – 63 мільёны долараў. Будаўніцтва новых цэхаў пазбавіла прадпрыемства абаротнага капіталу. У 2015-м сітуацыя пагоршылася і вымусіла завод выпусціць валютныя аблігацыі, каб здабыць хоць нейкія грошы, але ўлады ўпарта не хацелі прамаўляць слова «крызіс».

Кіраўніцтва заводу тлумачыць большасць праблемаў вонкавымі фактарамі: вінаватае зніжэнне цаны на нафту, Кітай, які «заліў» сусветны рынак звыштанным металам, і саюзная Расея.

Паводле намесніка дырэктара, завод збіраецца аптымізаваць вытворчасць, але на рабочых гэта не паўплывае. Летась прадпрыемства нават набірала новых людзей. Але ўжо перад Новым годам спыніліся некаторыя цэхі, а работнікаў пачалі адпраўляць у адпачынак або скарачаць заробкі. Афіцыйны прафсаюз на сітуацыю ніяк не рэагуе.

У сітуацыі вострай канкурэнцыі ды падзення коштаў на асноўную прадукцыю заводу ні кіраўніцтва прадпрыемства, ні галоўны акцыянер заводу – дзяржава – не агучваюць аніякага антыкрызіснага плану, але некаторыя рабочыя ўсё ж захоўваюць аптымізм.

У справаздачы Міністэрства фінансаў за 3-і квартал 2015 года БээМЗэ апынуўся ў тройцы лідараў стратных беларускіх прадпрыемстваў з вынікам мінус 636 мільярдаў беларускіх рублёў.

ЯБ, Белсат

Глядзі таксама
Каментары