Зімовы смог прыйшоў у Менск


У Менску сёння можна было назіраць смог, а жыхары сталіцы скардзіліся на задышку і кашаль. Нормы ўтрымання шкодных рэчываў у паветры былі перавышаныя ў два – два з паловай разы.

Як сцвярджаюць працаўнікі Белгідрамету, з прычыны халадоў жыхары Менскага раёну сталі больш актыўна паліць у печках, дым з якіх і трапіў у сталіцу. Але, паводле адмыслоўцаў, да 80-ці адсоткаў забруджвання ўсё ж ідзе з прамысловых прадпрыемстваў, якія месцяцца або пад Менскам, або нават у самім горадзе.

«У нас склалася вельмі неспрыяльныя метэаўмовы: пасля моцнага паўночнага ветру, які забяспечваў добрую якасць паветра на святы, у мінулыя содні ўсталяваўся штыль і назіраюцца прыземныя інверсіі. А гэта прыводзіць да таго, што з прадмесцяў сталіцы паступае забруджанае паветра», – паведамляе Багдана Казерук, адмыслоўца з Белгідраметцэнтру.

Маразы працягваюць папаўняць і спіс смяротных ахвяраў. У вёсцы Капані Магілёўскай вобласці, ва ўласным доме знойдзенае цела мужчыны 38-га года нараджэння. Паводле экспертызы, прычына смерці – пераахалоджванне. Як інфармуюць у Рэспубліканскім цэнтры экстранай медычнай дапамогі, за мінулыя содні знойдзеныя целы яшчэ некалькіх асобаў на вуліцы. Аднак, да правядзення судова-медычнай экспертызы, прадстаўнікі цэнтру адмаўляюцца называць гэтыя выпадкі на 100 адсоткаў звязанымі з пераахалоджваннем.

Пры гэтым, дзясяткі людзей штодня звяртаюцца да медыкаў з рознымі ступенямі траўмаў ад холаду.

ЮС, belsat.eu

Стужка навінаў