Зімовы настрой ад «Народнага альбому»


Спадзеў дырэктаркі тэлеканалу «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы падчас вераснёўскага канцэрту «Народнага альбома» на опернай сцэне ў Беластоку, што культавы праект неўзабаве загучыць у Беларусі, быў недарэмны! 24 лютага знакаміты мюзікл пра жыццё заходнебеларускага мястэчка ў 1920-1930-х гадах мінулага стагоддзя пакажуць у Менску.

Навіной пра гэта ўсцешыў Уладзімір Шаблінскі, кіраўнік канцэртавага агенцтва «Шаблі», якое атрымала адпаведнае гастрольнае пасведчанне ад Менгарвыканкаму. Канцэрт (дарэчы, упершыню за 10 гадоў у Беларусі) пройдзе ў «Prime Hаll», што на праспекце Пераможцаў, 65. Квіткі на танцпляц каштуюць 35 BYN, а на месцы за столікамі і на сектарах – ад 20 BYN. А набыць іх можна ў Тэатральна-канцэртнай касе па вул. Калініна, 5 з панядзелка па пятніцу з 10.00 да 19.00 або праз сайт ticketpro.by.

«Белсат» – галоўны медыя-партнёр шоу

img_0788_29413955796_o

Між тым, наш тэлеканал рыхтуе навагодні падарунак для тых, каму даспадобы «Народны альбом». У ноч з 31 снежня на 1 студзеня ў белсатаўскім эфіры будуць па чарзе паказаныя фільм пад працоўнай назвай «Ненаўмысны шэдэўр» ад Сяргея Будкіна і Яўгена Шапчыца пра гэты першы супольны праект зорак беларускай рок-сцэны, прагучаць віншаванні з Новым, 2017-м, годам, а таксама будзе паказаная відэаверсія восеньскага канцэрту ў Беластоку «Народны альбом. 20 год». Гэта будзе цэлы спектакль!

img_7259_29413920286_o

Нагадаем, што канцэрт у Беластоку, арганізаваны «Белсатам», прайшоў з аншлагам, прычым квіткі разышліся за дзве гадзіны. Няма сумневаў, што 24 лютага паўнюткім будзе і «Prime Hаll».

Што да фільма пра «Народны альбом», то ягоны аўтар Сяргей Будкін анансуе, што цягам 50 хвілін гледачы даведаюцца пра інтрыгоўныя таямніцы падчас яго стварэння і выступаў, а таксама пра містычныя падзеі вакол праекту.

Здымкі адбываліся ў мясцінах уласна фабульнай дзеі мюзікла і там, дзе ён ствараўся. У фільме багата ўнікальных архіўных фотаздымкаў і відэа, якіх не бачылі не тое што гледачы, а нават самі музыкі-удзельнікі праекту.

КП, belsat.eu

Фота Змітра Ягорава

Глядзі таксама
Каментары