Жывая ялінка або штучная? Як выбраць, даглядаць і выкінуць, каб не нашкодзіць гаманцу і наваколлю


Сёння ў Менску адчыніліся ялінкавыя базары. Тысячы зялёных дрэўцаў стануць у дамах беларусаў галоўным упрыгожваннем на наступныя некалькі тыдняў. Кіруемся на пункт продажу, каб даведацца пра асартымент, кошты і попыт. Але на пачатку запытаемся параду ў спецыялістаў, ці не надта мы шкодзім асяроддзю, набываючы жывую ялінку на Новы год?

Штучная, жывая або ялінка ў гаршку?

Ялінкавы базар у Менску, 22 снежня 2017

Калі вырашылі набываць жывую калядную ялінку, то зрабіце гэта ў адмысловых пунктах. Сюды дрэўцы прыязджаюць са спецыяльных пітомнікаў, іх не вырубаюць у лесе і адмыслова разлічваюць на попыт на елкі на Каляды. Выбірайце маленькую, лепш за ўсё, дрэўца да 3-х гадоў, каля аднаго метра ў вышыню і беларускага паходжання. Такім чынам шкода для наваколля будзе найменшай.

Больш эканамічнай і нават больш экалагічнай апынецца… штучная ялінка. Але толькі ў тым выпадку, калі вы плануеце выкарыстоўваць яе шмат гадоў.

«Калі яе добра даглядаць, такое дрэва можа апынуцца вечным. Гэта пакрые ўсе выдаткі рэсурсаў на яе выраб, – тлумачыць Наталля Блышчык, супрацоўніца Цэнтру экалагічных рашэнняў у Менску. Але памятайце, што пластыкавыя ялінкі не перапрацоўваюцца, і ў выніку яны апынаюцца на сметніку, дзе праляжаць стагоддзі. Таму калі не плануеце карыстацца пластыкавым дрэвам шмат гадоў, абярыце іншы варыянт».

Сярод вытворцаў можна знайсці прапановы ялінак у гаршках. Здаецца гэта найбольш экалагічны варыянт, бо потым такую ялінку можна высадзіць на лецішчы або ў лесе ці пакінуць жыць дома. Але гэта толькі на першы погляд.

«Спрэчны варыянт, бо на іх вырошчванне выкарыстоўваецца вельмі шмат вады. А даглядаць яе правільна, каб яна не загінула ў цёплай кватэры або потым пасля перасадкі не кожнаму пад сілу», – кажа Наталля Блышчык.

Такую ж думку выказала і Галіна, прадавачка на ёлачным базары ў Першамайскім раёне Менску. Яна чатыры гады гандлюе елкамі на Каляды, і ўпэўненая, што жывая звычайная беларуская елка з пітомніку – самы лепшы варыянт на Новы год.

Галіна гандлюе елкамі на Каляды чатыры гады. Спачатку яна нанялася па аб’яве, а цяпер яе запрашаюць штогод.

«У гаршках елак у нас ніколі не было. Звычайна, гэта дрэвы з замежжа, яны едуць здалёк, або вырошчваюцца недзе ў парніках. Сумняюся, што яна потым доўга пражыве ў грунце або ў кватэры», – кажа Галіна.

Грэемся гарбатай і думкамі, што ўвечары будзем удома

Сёння, 22 снежня, у Менску адчыніліся ялінкавыя базары.

А 11-й ранку на ёлачным базары на Лагойскім тракце мінакі прыглядаюцца да ялінак і коштаў.

Прадаўцы кажуць, што за першыя некалькі гадзінаў працы прадалі толькі два дрэўцы. Але гэта толькі першы дзень. Звычайна попыт на елкі – вялікі, пункты гандлю працуюць ад 8-й ранку да 9-ці вечара.

Ялінкі на продаж. Кошты – ад 15 беларускіх рублёў.

«Толькі напішыце, калі ласка, што мы тут не ўжываем алкаголь дзеля сугрэву. А то напісалі аднойчы адной газеце, што прадавачкі п’яныя стаяць. Калі б мы грэліся алкаголем, то не выстаялі б з ранку да вечара. Мы грэемся гарбатай, цёпла адзяваемся і думаем пра тое, што ўвечары будзем удома», – кажа Галіна.

Свежыя ялінкі прывозяць кожны дзень. Самыя папулярныя ў беларусаў – елкі да 1,5 метраў. Кошты пачынаюцца ад 15 рублёў за дрэўца вышынёй 1 метр, 23 рублі – 1,5 метра, 2 метры – 30 рублёў.

Як даглядаць ялінку?

Менск, Лагойскі тракт, 22 снежня 2017

«Не пашкадуйце, вазьміце вядро, гледзячы па памерах ялінкі, прымацуйце да яго крыжавіну з драўляных дошак для ўстойлівасці. Набярыце ў вядро пяску, устаўце ялінку і палівайце вадою з адной таблеткай аспірыну на літр. І раз на тыдзень прыкладна падліваць вады, будзе стаяць да сакавіка», – дае параду Галіна.

Калі збярыцеся выкідаць сваё каляднае дрэва, можна таксама паклапаціцца аб экалагічнасці. Па-першае, лепш парэзаць дрэўца, каб яно не займала на сметніку шмат месца. Па-другое, калі ёсць магчымасць, можна выкарыстаць драўніну ў печы або завезці ў мясцовы заапарк – на корм жывёлінам.

Ялінка з ялінавых лапаў і з таго, што ўдома дрэнна ляжыць

Ялінавыя лапы карыстаюцца попытам пакуль больш, чым самыя дрэвы

Варыянт для тых, хто не хоча купляць цэлае дрэва або яго ўдома няма дзе паставіць. Ялінавыя лапы таксама прадаюцца на ялінкавым базары. З іх можна скласці дэкарацыі, сплесці вянок, павесіць на сцяну або на дзверы.

Азірніцеся навокал. Магчыма, вам і не патрэбна купляць ялінку – яна ў вас ужо ёсць, у двары вашага дому. Паклічце суседзяў, вазьміце гарбаты і ўпрыгожце разам сапраўднае дрэва.

З каляровай паперы, з шышак, часопісаў, цукерак, нітак, фотаздымкаў – у сеціве шмат майстар-класаў і прапановаў, як выкарыстаць вашую фантазію і ўпрыгожыць пакой або святочны стол.

Неабавязкова купляць ялінку і цацкі для яе. Можна нават… проста намаляваць яе!

І не толькі ялінкі. Як зрабіць сваё свята больш танным і экалагічным

Каб не пакутавала сумленне ад выгляду незлічоных пакетаў смецця пасля святкавання, можна гэтыя пакуты папярэдзіць. Напрыклад, для абгорткі падарункаў выбірайце звычайную каляровую паперу, а не ламінаваную і бліскучую. Залатая і срэбная фольга разбураецца ў навакольным асяроддзі больш за 100 гадоў.

Замест пернікаў і цукерак у пакунках, зрабіце маленькія ласункі самі! А замест пластыкавых аднаразовых цацак абярыце шкляныя, што праслужаць шмат гадоў. Можна зрабіць упрыгожванні для елкі сваймі рукамі, звязаць або склеіць з паперы. Ці яшчэ, для разнастайнасці, памяняцца цацкамі з роднымі і сябрамі.

«Ад чаго агулам трэба адмовіцца – дробныя пластыкавыя або фольгіраваныя бліскаўкі, якія некаторыя любяць рассыпаць навокал. Лепш узгадаць папяровыя хлапушкі. А таксама сачыце за святочным сталом, каб не прыйшлося потым выкідаць ежу», – параіла супрацоўніца Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары