Жырыноўскі назваў Лукашэнку «ласкавым цяля»


Лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі зрабіў шэраг выказванняў у адрас кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Жырыноўскі зрабіў гэтую заяву ў суботу, 4 лютага падчас выступлення на ​​зʼездзе партыі ЛДПР, паведамляе «Інтэрфакс».

«Ёсць такая руская прымаўка: ласкавае цяля дзвюх матак смокча. Вось беларускі кіраўнік усё, што можна, высмактаў з Расеі, але мы ўжо кажам: колькі ж можна. Што хоча Лукашэнкі? Асобная дзяржава, але кошты няхай будуць унутрырасейскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашае дзяржавы. І вось сядзіць: дай Расея, дай Еўразвяз. Як добра», – абурыўся Жырыноўскі.

У той жа час лідар ЛДПР падкрэсліў, што Масква заўсёды будзе захоўваць добрае стаўленне да жыхароў Украіны, Беларусі, Казахстана і Сярэдняй Азіі.

Кіраўнік Беларусі 3 лютага ўсталяваў новы рэкорд працягласці сустрэчы з журналістамі. Падчас амаль васьмігадзіннай размовы ён зрабіў шэраг рэзкіх заяваў у адрас Расеі. Так, Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў парушэнні міждзяржаўнага дагавора ў сувязі з рашэннем аб увядзенні памежнай зоны на мяжы з Беларуссю, запатрабаваў распачаць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта. Акрамя таго, прэзідэнт заявіў, што Менск мае права на зніжэнне кошту расейскага газу, а таксама адзначыў, што Беларусь зможа абысціся без расейскай нафты.

Чытайце на belsat.eu

У той жа час Лукашэнка  зрабіў заяву на тэму беларускамоўнасці:

«Я супраць таго, каб шчыгалялі беларускай мовай. Не трэба вось гэта. Навучымся мы беларускай мове. Але не адракайцеся расейскай мовы. Гэта вялікае і гэта наша»,

а таксама падкрэсліў, што рускія і беларусы выраслі ў адной калысцы.

«Расея – гэта святое. Пакуль я тут прэзідэнт, ні адзін камень не паляціць у бок рускага чалавека. Ні адзін! », – запэўніў беларускі лідар.

ВД, паводле interfax.ru

Стужка навінаў