Жыхары Светлагорску патрабуюць 7 млн кампенсацыі за шкоду здароў’ю і маёмасці


37 жыхароў вёскі Якімава Слабада звярнуліся ў суд Светлагорскага раёну з пазовам аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды (7 400 000 тыс.) да дырэктара «Цэлюлозна – картоннага камбіната» Юрыя Крука. Зацікаўлены бок, пазначаецца ў пазове, кітайская карпарацыя AAT «Кітайская карпарацыя інжынірынгу «Самсе», пабудавала ў Светлагорску завод беленай цэлюлозы.

Напрыканцы мінулага года на прадпрыемстве пачаліся наладачныя работы, у паветра трапілі шкодныя хімічныя рэчывы), ад якіх пакутуюць не толькі жыхары Светлагорску, але і ўсяго раёну.

У заяве на 13 старонках пазоўнікі абгрунтоўваць свае патрабаванні кампенсацыі шкоды парушэннем кітайцамі канстытуцыі краіны (перадусім, права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе), Грамадзянскага кодэксу і шэрагу нарматыўных актаў беларускага заканадаўства.

«Удыхаючы забруджанае паветра, якое паступае з завода беленай цэлюлозы з канца 2017 г., – заяўляюць абураныя грамадзяне, – мы адчуваем недамаганне, пяршэнне ў горле, галаўны боль, крывацячэнне з носу, ваніты, алергію, стомленасць. У многіх з нас былі пачырваненні на скуры, свярбіла ў вачах і насаглотке. Апроч смуродных пахаў, мы назіраем, як нейкія вадкія хімічныя рэчывы праз стары прамысловы канал прадпрыемства «Хімвалакно» скідваюцца ў раку Бярэзіну, пра што сведчыць карычнева – чорны колер вады і вялікая колькасць брудна – шэрай пены і мёртвай рыбы».

Пазоўнікі мяркуюць, што забруджванне ракі адаб’ецца і на іх здароў’і, бо паліваючы расліны ў гародзе такой вадою ў летні час, яны не змогуць атрымаць экалагічна чыстыя прадукты.

Жыхары Якімавай Слабады таксама наракаюць, што яны прыгнечаны самім фактам пражывання ў «зоне экалагічнай катастрофы», гэта змушае іх з’язджаць у больш чыстыя месцы. Аднак прадаць па адэкватных коштах свае дамы яны ўжо не могуць, бо ахвотных набываць жыллё ў вёсцы няма, таму ім давядзецца проста кінуць усю маёмасць.

Людзі збіраюцца судзіцца непасрэдна з кітайскай карпарацыяй «Самсе», «Беллеспрамбудам» і шэрагам чыноўнікаў.

«Мы ўжо вычарпалі ўсе механізмы абароны нашых правоў. На нашыя шматлікія звароты ў розныя інстанцыі, мы атрымлівалі адпіскі. Наша мэта, – падсумоўвае адна з пазоўніц Тамара Кавальчук, – міжнародны арбітраж, калі нашыя патрабаванні і выплаты кампенсацый не будуць задаволены».

Нагадаем, напрыканцы мінулага году, у сувязі з пачаткам наладачных работ на заводзе беленай цэлюлозы, у паветра сталі трапляць шкодныя хімічныя рэчывы, якія выклікалі кароткачасовыя парушэнні здароў’я жыхароў Светлагорску і раёну. Людзі збіраліся на стыхійныя сходы, звярталіся са шматлікімі скаргамі ў розныя інстанцыі, удзельнічалі ў круглых сталах і сустрэчах з кіраўніцтвам заводу і раёна, ладзіліся кампаніі супраць шкодных выкідаў у сацсетках.

Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Стужка навінаў