Жыхары Слуцку супраць вуліцы Слуцкіх паўстанцаў?


Пад электроннай петыцыяй за перайменаванне вуліцы Камсамольскай падпісаліся некалькі соцень чалавек, на сустрэчы з уладамі Слуцку супраць прагаласавалі толькі некалькі.

Улады Слуцку сустрэліся з жыхарамі гораду ў зале гімназіі №1 каб абмеркаваць перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, ініцыяванае чальцом БНФ і актывістам руху «За Свабоду» Віталём Амельковічам.

«Мясцовыя ўлады адмыслова правялі абмеркаванне не ў фармаце сходу, а нефармальнай сустрэчы, ніхто не вёў пратаколу паседжання», – кажа ўдзельнік сустрэчы Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За Свабоду».

Падпісацца пад петыцыяй па перайменаванні можна было да 1 лютага на старонцы рэсурсу zvarot.by. Ідэю падтрымаў 641 чалавек. 3 лютага подпісы перадалі гарадскім уладам.

28 лютага ў актавай зале гімназіі сабралася каля 150 чалавек. Паседжанне вёў старшыня Слуцкага раённага Савету дэпутатаў Віктар Ражанец, які заявіў, што з усіх падпісантаў петыцыі ў Слуцку жывуць толькі 15 чалавек, а прадстаўнікоў вуліцы Камсамольскай пад ёй наагул няма.

Агулам пад петыцыяй, паводле чыноўніка, падпісаліся 592 асобы.

«Тэхнічная памылка ці наўмыснае заніжэнне – тут цяжка сказаць, – каментуе Губарэвіч знікненне 49 подпісаў. – Улады Слуцку рабілі акцэнт на тым, што электронны зварот падпісалі не мясцовыя жыхары, што нехта іншы хоча вырашаць пытанне назвы вуліцы».

«Людзей хвалюе не столькі матэрыяльны аспект перайменавання вуліцы і ўсе выдаткі, звязаныя з пераафармленнем дакументаў, колькі маральны ці ідэалагічны», – цытуе Віктара Ражанца рэсурс «SlutskGorod».

Ініцыятар сустрэчы Віталь Амяльковіч спрабаваў растлумачыць, чаму для перайменавання абралі менавіта Камсамольскую, аднак, мясцовыя жыхары не хацелі нічога чуць, выкрыкваючы «Пакладзіце мікрафон» або «Сядзь на месца».

Менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай стагоддзе таму стаяў дом, які належаў Эдварду Вайніловічу. У ім 14–15 лістапада 1920 году праходзіў Беларускі з’езд Случчыны, які ўзняў Слуцкае паўстанне (пра гэта сам Вайніловіч мог не ведаць – ён знаходзіўся ў той час у Варшаве).

«Сама Камсамольская вуліца невялікая, там усяго некалькі дамоў, – кажа Губарэвіч. – А большасць прысутных – людзі сталага веку – складалі мясцовы актыў уладаў».

Калі адзін з прысутных на ўчорашняй сустрэчы прапанаваў прагаласаваць, большасць удзельнікаў сустрэчы паднялі рукі супраць перайменавання вуліцы. За перайменаванне прагаласавалі толькі некалькі чалавек.

«Цяжка сказаць колькі дакладна – чатыры або чатырнаццаць: ніхто не ладзіў падліку галасоў», – кажа Юрась Губарэвіч.

ДД

Глядзі таксама
Каментары