Жыхары Рагачова: рэканструкцыя гораду праводзіцца неэфектыўна. Куды сышлі вылучаныя сродкі?


«Палепшыць інфраструктуру гораду!» З такім заклікам выступаюць рагачоўскія актывісты кампаніі «Гавары праўду». У другім і трэцім мікрараёнах жыве больш за дваццаць тысячаў чалавек, але месцаў для адпачынку тут няма. Таксама ў горад прыязджаюць турысты, а паказаць ім няма чаго.

ІРЫНА КУПЦЭВІЧ, АКТЫВІСТКА КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

«Да мяне прыязджаюць сябры і мне проста няма куды іх адвесці, каб яны маглі ацаніць прыгажосць гэтага гораду. Тут няма ніякіх упарадкаваных месцаў культурных, за якія можна было б ганарыцца».

МІХАІЛ ПАПЛАЎСКІ, ДЭПУТАТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ:

«Да нас у горад прыязджае вельмі шмат людзей: з Санкт-Пецярбургу і з іншых гарадоў. А вывезці паказаць месца – куды?»

Паводле мясцовых жыхароў, самае прыгожае ў горадзе месца – узбярэжжа Дняпра. Толькі вось на сённяшні дзень акрамя прыбіральні ды апранальні тут больш нічога няма.

МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:

«У нас няма ніводнага пляжу. І калі ісці кудысьці адпачываць, гэта трэба шукаць месца. Каб чыста было падысці – магчымасць была».

У сувязі з гэтым актывісты «Гавары праўду» звярнуліся да мясцовых уладаў з просьбаю зрабіць ходнікі, альтанкі, пешаходныя масткі ды лавачкі. Сабралі каля шасцісот подпісаў. Аднак адказ атрымалі стандартны: грошай няма. Хоць сёлета да Дня пісьменства сродкі на добраўпарадкаванне гораду вылучылі. Дык куды яны пайшлі? Мы спрабавалі запытацца ў намесніка рагачоўскага гарвыканкаму Сяргея Дзенісенка, аднак марна.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што рэканструкцыя гораду праводзіцца неэфектыўна.

ІРЫНА КУПЦЭВІЧ, АКТЫВІСТКА КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

«Працы працягваюцца, але гэта не падобна на месца адпачынку, якое будзе зроблена да 4 верасня. Тут працы яшчэ вельмі шмат. А калі яно не будзе зроблена да 4 верасня, пасля грошы проста скончацца і, хутчэй за ўсё, яно дароблена так і не будзе».

Аб бессэнсоўным укладанні грашовых сродкаў у рэканструкцыю гораду кажа і рэканструкцыя вось гэтай дарогі. Пашырэнне да чатырох палосаў значна наблізіла яе да жылых дамоў і зменшыла ахоўную зону.

МІКАЛАЙ КАМАРОЎСКІ, КАНДЫДАТ У ПАРЛАМЕНТ АД «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

«Можна было не пашыраць дарогу, а грошы, якія пайшлі на пашырэнне, выкарыстоўваць у іншых месцах – больш эфектыўна і рацыянальна».

Разам з тым, на вуліцы Леніна рэканструююць паркавую зону. Як сцвярджаюць актывісты, яна і так была ў добрым стане – гэта проста пустое марнатраўства. Сваймі подпісамі людзі хацелі данесці да ўладаў, што для развіцця інфраструктуры гораду ёсць іншыя метады, аднак засталіся непачутыя.

Кацярына Ерусалімская belsat.eu

Стужка навінаў