Жыхары Новалукомля не хочуць «скідвацца» на працу прадпрыемства, якое працуе ў доўг


 «Жыць у добраўпарадкаваным і чыстым горадзе хочуць усё. Але амаль ніхто не хоча ахвяраваць нават Br 5000 на добраўпарадкаванне», – піша раённая газета «Чырвоны прамень».

«Як толькі пачынаецца размова аб асабістым удзеле (хаця б мінімальным), энтузіязму ў людзей становіцца значна менш. 2015-ы на зыходзе. У пачатку года дэпутацкі корпус Новалукомля прыняў рашэнне, якое датычыць самаабкладання. Гараджанам прапанавалі штомесяц плаціць сімвалічныя грошы на добраўпарадкаванне – Br 5000 з кватэры. Было падлічана, што за год удасца сабраць прыстойную суму», – паведамляе раёнка.

Паводле выдання, за 11 месяцаў удалося сабраць Br 10 900 000 з 6100 кватэраў, а можна было сабраць Br 366 000 000.

«Між тым УНП ЖКГ «Камунальнік» робіць усё магчымае, каб горад знаходзіўся ў нармальным стане, – піша «Чырвоны прамень». – З фінансаваннем сёння туга. Цягам 2015-га прадпрыемства выканала работ з непацверджаным фінансаваннем на суму Br 1 000 000 000… Працавалі камунальнікі ў доўг. І што ім застаецца рабіць, калі гараджане скінуцца не жадаюць?..», – разважае аўтар артыкулу.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары