Жыхары Горадні ў адчаі: дождж знішчае іх дом – гісторыка-культурную каштоўнасць


Фота – poloconghaile.com

Занядбаная гісторыка-культурная каштоўнасць. А ў ёй, як тыя экспанаты, – пакінутыя жыхары. Будынак па вуліцы Крала Маркса ў Горадні стаў сімвалам занядбанасці. Тынкоўка і цэгла выпадаюць са сценаў, а дождж затапляе кватэры. Камунальнікі крыку роспачы не чуюць, а людзі страцілі ўсялякую надзею.

У нечалавечых умовах жывуць жыхары дому № 38А на вуліцы Карла Маркса ў Горадні. Пабудова, якой ужо больш за сто гадоў, літаральна развальваецца. У лютым ЖКГ пачала капітальны рамонт фасаду дому, які, са словаў мясцовых жыхароў, толькі нашкодзіў. На вокнах патрэскалася шкло і адвальваюцца цагліны ад сценаў. І гэта яшчэ не ўсе праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца мясцовым жыхарам.

У доме жывуць 4 чалавекі – усе пенсіянеры. Яны ж і распавялі пра тое, што падчас другой сусветнай вайны каля дому ўпала бомба, праз што ён асеў. Гэта вельмі пашкодзіла будынак. Аднак дачакаўся рамонту дом толькі ў 1980-я.

А пакуль у Генавэфы Суславай стала адным вакном менш. Яго будаўнікі папросту заклалі цэглаю: маўляў, гэта прадугледжана праектам. Пры гэтым старой аканіцы ніхто не прыбраў. Астатнія ж вокны ў доме падчас дажджу працякаюць, і вада трапляе ў кватэры. Жыхары некалькі разоў прасілі падрадчыкаў памяняць іх, але тыя адмовіліся ды прапанавалі пенсіянерам зрабіць гэта за ўласныя грошы.

Дом лічыцца гістарычна-культурнай спадчынай, а таму не кожнае вакно будзе пасаваць да фасаду. Адпаведныя разам каштуюць як мінімум Br 20 млн. Пенсіянеры ў роспачы і патрабуюць дапамогі ад уладаў. Мы таксама паспрабавалі датэлефанавацца да мясцовых камунальнікаў, аднак марна.

Паводле мясцовых жыхароў, увесь дом у расколінах. Будаўнікі замазалі іх цэментавым растворам, але якасць такога латання – не найлепшая. Насельнікі лічаць, што праз некалькі гадоў будынак проста разваліцца, і пад гэтымі руінамі апынуцца яны самі.

Кацярына Ерусалімская, Белсат

Стужка навінаў