Жыхары гомельскага двара скінуліся на фарбу – і намалявалі каля дому зубра


Упрыгожваць дваравую тэрыторыю суседзі па шматпавярховіку па вуліцы Цімафеенка прызвычаіліся самастойна. Раней яны зрабілі клумбу, навесілі над уваходам казырок ды пафарбавалі пад’езд.

Жыхары некалькіх пад’ездаў шматкватэрнага дому па вуліцы Цімафеенка вырашылі ўпрыгожыць малюнкамі трансфарматарную будку побач. Некалькі дзясяткаў чалавек склаліся грашамі. Актывісты закупілі фарбу, зрабілі эскіз малюнка, дамовіліся з мастаком.

Мастачка Марыя Семянцова зрабіла малюнак на валанцёрскіх умовах

«Гэта для нашага гораду, – кажа мастачка Юлія Канавалава. – Любому мастака цікава прынесці ў свет нешта цікавае і прыгожае, нешта эстэтычнае, каб не ісці, не бачыць гэтыя шэрыя сцены».

«Ня трэба рабіць нешта грандыёзнае, трэба пачынаць з малых справаў, – кажа жыхар Арцём Шапараў. – Сёння я зрабіў нешта, заўтра яшчэ нехта і тады свет вакол нас пачне мяняцца. Пакуль мы сядзім проста і чакаем, калі нехта нешта зробіць – нічога не будзе. Я асабіста не сяджу, не чакаю, а нешта раблю».

Зубра актывісты вырашылі маляваць, каб усяляў у людзей сілу і моц, беларускі арнамент – каб папулярызаваць беларускія сімвалы сярод жыхароў.

«Людзі павінныя зразумець і адчуць, што мы ўсё ж такі моцныя, як тыя зубры, – кажа аўтар насценнага малюнка Марыя Семянцова. – Галоўнае – трэба толькі захацець. Зубр – сімвал моцы і сілы. Трэба каб і людзі былі такія ж моцныя».

Жыхары дзевяціпавярховіка па вуліцы Цімафеенка ўжо не першы раз самастойна вырашаюць праблемы свайго дому ды двара: зрабілі клумбу, навесілі над уваходам казырок, пафарбавалі пад’езд. Маюць жыхары вуліцы Цімафеенка і больш глабальныя перамогі: літаральна некалькі дзён таму стала вядома, што ўлады адмовіліся ад планаў будаўніцтва шматкватэрнага дому на месцы дзіцячай пляцоўкі і зялёнай зоны побач з домам.

На чарзе – добраўпарадкаванне дзіцячай пясочніцы і змаганне за перанос сметніцы, якая размешчана прама перад уваходам у пад’езд.

Тэкст і фота – Ларыса Шчаракова, belsat.eu

Відэа – “Ротарная жатка”.

Стужка навінаў