Гурневіч: Жыхары Эстоніі, якія не валодаюць мовай, могуць апынуцца ў лагеры


Рускамоўным у краінах Балтыі жывецца няпроста. Гэта вам скажа кожны глядач расейскіх тэлеканалаў у Беларусі, які перад тым, як выказацца на нейкую грамадска-палітычную тэму, прыгадвае ўчорашні эфір на «Першым канале» або РТР.

«Прыбалтыка» для іх – гэта ўвасабленне пекла, дзе па вуліцах шастаюць калі не парады ССаўцаў, ды гей-парады, якія не даюць жыць рускамоўным.

Дзмітры Гурневіч пра «няпростае» жыццё рускамоўных у краінах Балтыі.

Гэтыя ацэнкі часта ўзмацняюць і самі рускамоўныя жыхары Балтыі. Паводле аднаго з даследаванняў, пра якое ў кулуарах праграмы «2на2» мне распавёў віцэ-дырэктар Латышскага інстытуту міжнародных даследаванняў Карліс Букоўскіс, сярод краін Балтыі рускамоўным найгорш, на іх думку, жывецца ў Эстоніі.

«Праблемы» рускамоўных у Эстоніі мне, калі шчыра, да лямпачкі. Але інтрыга ў тым, што для амаль 70% эстонскіх беларусаў руская мова – родная. Закарцела дазнацца, праз які ж пераслед і пакуты праходзяць землякі ў Эстоніі, баронячы сваё права на родную мову.

У доказ дыскрымінацыі з боку эстонскамоўнай большасці, рускамоўныя прыводзяць словы спецыяльнага дакладчыка ААН па расізме, расавай дыскрымінацыі і ксенафобіі Дуду Дзьена, які ў 2007 годзе параіў Эстоніі зрабіць рускую мову другой дзяржаўнай. Трыма гадамі пазней гэты ж камітэт заклікаў Эстонію разважыць магчымасць прадастаўлення публічных паслуг на дзвюх мовах – рускай і эстонскай. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што ў рэгіёнах, дзе колькасць прадстаўнікоў рускай нацыянальнай меншасці перавышае 50%, такое права ім гарантуе закон.

«Amnesty International» пайшло яшчэ далей і назвала моўную інспекцыю Эстоніі (орган, які кантралюе выкананне нормаў аб абавязковым выкарыстанні эстонскай мовы) «рэпрэсіўным і карным органам«. Заклапочанасць сітуацыяй у сферы адукацыі выказала і Еўрапейская камісія па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю.

Якая там сітуацыя ў сферы адукацыі – з лёгкасцю тлумачаць лічбы. У Эстоніі амаль 20% школьнікаў вучацца ў расейскіх школах. Гэта на некалькі працэнтаў больш, чым па-беларуску ў Беларусі. Рускамоўных універсітэтаў у Эстоніі няма (гэтаксама, дарэчы, як у Беларусі беларускамоўных), але па-расейску там навучаецца ў 30 разоў больш студэнтаў (3,1%), чым у нас (0,1%).

Сітуацыя рускамоўных у Эстоніі нашмат лепшая, чым беларускамоўных у Беларусі не толькі ў адукацыі. На рускай мове ў Эстоніі выходзіць адна штодзённая газета і тры тыднёвікі (не ўлічваючы рэгіянальных). Па-расейску гамоніць дзяржаўнае эстонскае «Радыё- 4» і дзве камерцыйныя радыёстанцыі. На дзяржаўным тэлеканале выходзіць штодзённая расейскамоўная інфармацыйная перадача. У кабельнай сетцы расейскамоўных каналаў – глядзі – не пераглядзіш. Па-расейску працуюць два тэатры ў краіне.

Згаданы ўжо Дуду Дзьен грымеў у ААН, што эстонцы дыскрымінуюць рускамоўных рабочых, якім цяжэй знайсці працу з-за няведання эстонскай. Але Эстонія ўжо 25 гадоў незалежная дзяржава з адзінай дзяржаўнай мовай. Вывучыць дзяржаўную мову – гэта не проста абавязак, але прыкмета добрага тону і лаяльнасці да краіны, дзе ты хочаш жыць і будаваць свой дом. За 25 год можна вывучыць фарсі, суахалі, мёртвую ліўскую і яшчэ з паўтузіна моў. Галоўнае, як казала мая настаўніца нямецкай, каб было жаданне.

Ну, але дапусцім, што жаданне ёсць, і што далей? Дзяцей прасіць, суседзяў каб вучылі? Ці запісвацца ў моўную школу? А гэта ж немалыя грошы. Нічога падобнага. У Эстоніі створаная бадай найлепшая з усіх краін былога СССР сістэма навучання дзяржаўнай мовы.

Шэраг фондаў прапануюць абсалютна бясплатна моўныя курсы па спецыяльнасці. Не плацячы ані кроны вы можаце атрымаць моўны сертыфікат на прафесіі цырульніка, касметолага, прадаўца, кухара і афіцыянта. Недзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы ладзяць абмен рабочымі, каб яны маглі вывучаць эстонскую мову ў працоўнай атмасферы. Калі вы не маеце часу ездзіць на абмены і вырашылі вывучаць эстонскую мову самастойна, на прыватных курсах – звярніцеся ў адмысловыя фонды, ёсць верагоднасць, што вам кампенсуюць выдаткі.

Дзеці і школьнікі могуць вывучаць эстонскую на адмысловых летніках, якія так і называюць «Лагер эстонскай мовы». Рускамоўныя дзеці там нон-стоп размаўляюць паміж сабой па-эстонску. Спазнаць дзяржаўную мову ім дапамагаюць эстонцы-аднагодкі. Апрача мовы дзяцей там знаёмяць з эстонскай гісторыяй, традыцыяй і культурай.

Вельмі папулярная форма вывучэння мовы – пражыванне ў эстонскамоўнай сям’і падчас канікул. Такія курсы працягваюцца нават да 60 дзён. На летніках і ў сем’ях эстонскую мову за апошнія гады вывучала некалькі дзясяткаў тысяч дзяцей.

Дарэчы, калі на нейкім прадпрыемстве працуе шмат рускамоўных, якія жадаюць палепшыць свой узровень дзяржаўнай мовы, то прадпрыемства можа звярнуцца да дзяржавы па датацыю. Падаваць такія заявы могуць установы сфер грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, публічнага адміністравання, адукацыі і аховы здароўя. Ёсць цэлая паграма па вывучэнні эстонскай мовы і для настаўнікаў рускіх школ.

Урэшце рэшт, для самых лянівых існуюць унікальныя мультымедыйныя курсы эстонскай мовы праз інтэрнэт – www.keeleklikk.ee. На іх стварэнне было выдаткавана чвэрць мільёна еўра. Дапамагаў Еўразвяз. Дзякуючы онлайн курсам можна ашчадзіць да 1100 еўра, а пасля здаць у Моўнай інспекцыі экзамен, аплату за які, нагадаю, вам таксама могуць кампенсаваць.

Вядома, здараюцца і канфузы, калі гарантаваныя правы рускамоўных не выконваюцца. Дзеля гэтага ёсць суд і вышэйшыя інстанцыі – ажно да Стразбурга. Колькі такіх судовых працэсаў ужо адбылося – мне невядома. Але ёсць іншая займальная статыстыка. За апошнія тры гады з Эстоніі па праграме перасялення на гістарычную радзіму выехала ажно… 37 расейцаў. Цікава, што паводле згаданага на пачатку даследавання, горш, чым у Эстоніі, рускамоўным жывецца толькі ў Фінляндыі. Страшна падумаць, што там сабе дазваляюць фіны і куды глядзіць «Amnesty International».

Дзмітры Гурневіч, belsat.eu

Стужка навінаў