Жыхары Маладзечна пра беспрацоўе: Я проста ў шоку! 7-8 заводаў, ўсе стаяць.


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGYkk1YlZFd1U2bUUlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Горад прызналі найлепшым для вядзення бізнесу. А налета ён мае стаць сталіцаю культуры Беларусі. Пакуль жа тут найвышэйшы ў краіне ўзровень беспрацоўя і самае дарагое па-за Менскам жытло. Пра парадокс на мяжы выжывання і рэчаіснасць беларускіх рэгіёнаў.

Культурніцкая сталіца Беларусі. Маладзечна – горад стотысячнік у Менскай вобласці, які будзе насіць гэтае званне з 2016-га года, перажывае цяжкую форму дэіндустрыялізацыі.

Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, на сто тысячаў жыхароў Маладзечна мае больш за тысячу беспрацоўных – амаль 2 адсоткі ад працаздольнага насельніцтва.
Жыхары гораду аднак перакананыя, што афіцыйныя лічбы рэальную сітуацыю прыхарошваюць:

«Крытычная абсалютна. 7-8 заводаў, усе стаяць. Ня ведаю, я проста ў шоку»

«Знаёмая ў мяне – перыядычна Белхол працуе па чатырохдзённы. Амкадор, перыядычна, таксама, МЗМК. То бок, усе нашыя заводы, якія давалі людзям працу цяпер на каленях»

«Заробак затрымліваюць, скардзяцца вельмі многа мам на тое, што дапамогу не выплачваюць»

«Заробкі па горадзе, наколькі інфармацыя ідзе, у межах 3,5 мільёнаў»

«Моладзь атрымлівае паўтара мільёна пасля медкаледжу. Таксама не варыянт пражыць»

Забудова – адзін з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў будаўнічых матэрыялаў, перастаў даваць рады з пагашэннем адсоткаў па крэдытах яшчэ на пачатку года і падаў на банкруцтва. Цяпер спадзяецца на падтрыманне дзяржавы. Работнікі Маладзечанскага заводу металаканструкцыяў, якія ў ліпені выйшлі на стыхійны страйк супраць затрымання заробкаў, падтрымкі дамагліся ўжо.

За некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка накіраваў на МЗМК свайго прадстаўніка з даручэннем аздаравіць фінансы прадпрыемства за кошт рэструктурызацыі пазык і продажу няпрофільных актываў. Але тубыльцы асцерагаюцца, што іншыя заводы можа чакаць лёс такіх маладзечанскіх гігантаў, як радыёзавод «Спадарожнік», станковы завод ці электрамодуль, што перасталі існаваць цягам апошняе пяцігодкі.

«Калі Менску будуць яшчэ падаваць нейкую там порцыю на праед, то на рэгіёны ніхто нічога асабліва падаваць ня будуць» – кажа маладзечанскі прадпрымальнік Эдвард Баланчук.

Пры гэтым мясцовыя прадпрымальнікі вераць у велізарны патэнцыял свайго гораду ў справе прыцягнення прыватных і замежных інвестыцыяў. Пра параўнаўчую прывабнасць райцэнтру сведчаць і тамтэйшыя кошты нерухомасці, якія адстаюць толькі ад сталіцы. Асноўная прычына – геаграфічнае становішча.

«Мы ў выгадным стратэгічным месцазнаходжанні паміж паміж Менскам і Вільняй. 120 кіламетраў да Вільні, 60 да Менску. Ад нас да Менску можна даехаць за гадзіну, як з Малінаўкі на Ўручча» – тлумачыць Маргарыта Сушка, дырэктарка агенцтва нерухомасці «Дом для вас»

Сярод іншых райцэнтраў Маладзечна вылучаецца яшчэ культурніцкім жыццём і дзелавым кліматам. Штогоду горад прымае найвялікшы музычны фэст пасля Славянскага базару ў Віцебску. А летась стаў лаўрэатам прэміі Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва як найлепшы горад Беларусі для бізнесу.

«Вось гэты клімат, які быў пасля Карпенкі і Ганчара – ён застаўся. У нас была грамадская арганізацыя – «маладзечанскі прадпрымальнік». Мы ўвесь час нейкія пытанні выносілі на выканкам і абмяркоўвалі іх» – распавядае прадпрымальнік Эдвард Баланчук.

Штопраўда, мясцовыя прадпрымальнікі адзначаюць, што высілкі іхнай мясцовай адміністрацыі ў прыцягненні інвестара ў бальшыні выпадкаў нівелююцца агульнаю бюракратычнаю сістэмай, якая існуе ў краіне.

Станіслаў Івашкевіч[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў