Жыхары Альшанкі: Каб папраць і памыць посуд – збіраем дажджавую ваду


Больш за 40 дамоў на ўскрайку Горадні ўжо амаль месяц застаюцца без вады.

Праблемы з водазабеспячэннем у Альшанцы, якая раней была вёскай, але цяпер далучаная да гораду, пачаліся 14 красавіка. Тады адбылася аварыя на воданапорнай вежы.

З таго часу ўлады так і не паправілі сістэму. Больш за тое, за падвоз мабільных цыстэрнаў вады, як гэта адбываецца пры аварыях у іншых раёнах гораду, патрабуюць аплату – мільён рублёў за адзін рэйс.

«Раней усе падобныя пытанні хутка вырашаліся праз сельсавет. Цяпер ніхто нас не чуе. Звярталіся і ў гарвыканкам, і ў аблвыканкам… Кажуць, пішыце заяву, у месячны тэрмін разгледзім. Гэта сцяна нейкая – нідзе не можам нічога дабіцца», – распавядае Лілія Адамаўна.

Юрыдычна калгас, за якім лічылася тэрыторыя, не перадаў яе водаканалу. Таму на водаканале людзям тлумачаць, што не абавязаныя займацца іх праблемамі, ды і сродкаў на гэта няма. Чыноўнікі, у сваю чаргу, пасылаюць адзін да аднаго – раённыя гарадскім, а гарадскія – раённым.

Ваду жыхары вымушаныя браць у суседняй вёсцы Каменка, дзе ёсць крыніца. Але яна ад вёскі ў пяці кіламетрах. Старэйшыя жыхары не могуць прывезці адтуль шмат, таму збіраюць ваду хто як можа…

«Уявіце, што такое бітон вады, калі ў мяне пяцёра чалавек у сям’і? – працягвае Лілія Адамаўна. – Я ўжо не ведаю нават як посуд памыць. А папраць? Мы ўжо дажджавую ваду збіраем, каб папраць… Я сама медработнік. Уявіце, а калі кішэчныя інфекцыі пачнуцца ці яшчэ што? Крыўдна, што мы нікому не патрэбныя».

Людзі гатовыя нават скінуцца грашыма на рамонт сістэмы, але не маюць нават да каго звярнуцца, а вежа не ў іх уласнасці. Яшчэ раней асобныя жыхары спрабавалі замовіць свідравіну, але фірмы адмаўляліся – былая вёска стаіць на пагорку з камяністым грунтам – ёсць рызыка зламаць абсталяванне.

« Я 40 год прарабіла даяркай у калгасе, ну хто мне цяпер прывязе вады, хто?– узрушана пытаецца іншая жыхарка. – Цяпер мільён ім плаціць за рэйс… Таму пад домам у мяне бочкі стаяць – збіраю ваду пасля дажджу. Раней былі праблемы з вадой – дзень-два, але ж не месяц! І горад жа зусім блізка – смешна!»

Калодзежаў у вёсцы няма, бо вада залягае глыбей за 60 метраў. Яшчэ за савецкім часам быў адзін калодзеж, але і там вада з часам знікла. Якасць вады ў крыніцы ў Каменцы, якой цяпер карыстаюцца жыхары, ніхто не спраўджваў, а з гораду саматугам, як кажуць, «не навозішся»… У гэткім цяжкім становішчы апынуліся амаль 100 чалавек.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў