Жыхару Берасця далі 10 гадоў турмы за насенне, якое ўжываюць шаманы


На фота паўднёваамерыканскія шаманы ўжываюць насенне ёпа

Набыў моц прысуд, вынесены 22-гадоваму жыхару Берасця за незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў.

У канцы 2014 года малады чалавек набыў праз інтэрнэт насенне ёпа, якое ўтрымлівае буфатэнін — ізамер асабліва небяспечнага псіхатропу.

Частку насення малады чалавек ужыў, астатнюю (42,81 гр) хаваў у хаце, каб пазней прадаць. У красавіку 2015-га падчас ператрусу праваахоўнікі знайшлі экзатычны псіхатроп. З траўня 2015 года берасцеец знаходзіцца за кратамі.

Пазней суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у незаконным набыцці, захоўванні і збыце асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры і прыгаварыў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Берасцеец абскардзіў прысуд. Ён заяўляў, што захапляецца батанікай, а пра перуанскую акацыю даведаўся з інтэрнэту і, каб вырасціць, замовіў яе насенне. Падчас следства і судовых слуханняў стала вядома, што хлопец ведаў, як індзейцы выкарыстоўваюць гэтае насенне.

5 красавіка судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда пакінула скаргу без задавальнення, а судовы прысуд першай інстанцыі набыў законную моц.

У Паўднёвай Амерыцы насенне ёпа выкарыстоўваецца падчас прыгатавання цэрыманіяльнага піва або адмысловага пітва для шаманаў, якое дзякуючы галюцынагеннаму эфекту дазваляе ім прадказваць будучыню.

ЮВ, belsat.eu, паводле euroradio.fm

Глядзі таксама
Каментары