Жыхароў Рагачова дастала карупцыя і беспрацоўе


Рагачоў паглынула карупцыя, «адкаты», хабары і татальны развал гаспадаркі гораду. Рэцэпт уратавання маюць грамадскія актывісты. Адныя з першых на Гомельшчыне яны ствараюць штаб і распачынаюць рыхтаванне да выбараў у парламент. Ідэяў шмат, а таксама рэкорднае жаданне пераменаў і ў самых жыхароў.

За 4 месяцы да гэтак званых «выбараў» у парламент Беларусі ў 30-тысячным Рагачове сабраліся грамадскія актывісты, каб прэзентаваць сваіх кандыдатаў.

«Мы пастанавілі спыніцца на кандыдаце – кампетэнтным эканамісце. Гэта Уладзімір Літоўчанка. І ён вядомы ў горадзе як эканаміст-маркетолаг, які працаваў на вытворчасці», – распавядае Дзяніс Дашкевіч, кіраўнік штабу Уладзіміра Літоўчанкі, Рагачоў.

Другі кандыдат – Мікалай Камароўскі, былы мэр Рагачова, а цяпер актывіст кампаніі «Гавары праўду». Паводле прадстаўніка ягонага штабу, Мікалай Камароўскі мае праграму падтрымання малога і сярэдняга бізнесу, а таксама прапановы палітычных зменаў, у тым ліку замены «вертыкалі» на народных абраннікаў.

«Калі б кіраўнікоў гарадоў і раёнаў абіралі, тады людзі маглі б уплываць на іхныя рашэнні. Гэтыя кіраўнікі тады трымалі б справаздачу перад народам, а не перад тым, хто вышэйшы за іх», – мяркуе Ірына Купцэвіч, прадстаўніца штабу Мікалая Камароўскага.

Паводле апытання, праведзенага сайтам «Рагачоў Онлайн» сярод наведнікаў старонкі, а таксама мінакоў на вуліцах ажно 62 % апытаных плануюць галасаваць за «альтэрнатыўнага» кандыдата і толькі 6 % апытаных гатовыя галасаваць за кандыдата ад дзейнай улады.

Такі недавер можна патлумачыць, сярод іншага, карупцыйнымі скандаламі. Толькі за апошні час два кіраўнікі Рагачоўскага райвыканкаму трапілі пад следства за карупцыю. Сяргея Якаўлеў на пачатку верасня 2015-га, а перад ім Віктар Банчук. Гучна было і ад арышту ў кастрычніку 2015-га аднаго з кіраўнікоў Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату Андрэя Бондарава за арганізацыю схемы гэтак званых «адкатаў» і атрымання хабараў.

«У Рагачоўскім раёне карупцыя настолькі неверагодных маштабаў дасягае. Ну, здзейснілі яны тры гучныя арышты – Банчука, Бондарава і Якаўлева. Але тут крадуць дзясяткі чыноўнікаў», – упэўнены Дзяніс Дашкевіч.

Паводле аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, у якасці абвінавачання чыноўнікам трэба выставіць не толькі хабар і асабістую нажыву, але поўны развал гаспадаркі Рагачова.

«Можна смела казаць, што на Рагачоўскім МКК каля 400 асобаў перабываюць у нестабільнай сітуацыі ды могуць трапіць пад звальненні. Калі паглядзець на «Дыяпраектар». Там таксама каля 100 асобаў чакаюць, што іх звольняць, бо зачыняюць інструментальны цэх», – кажа Уладзімір Літоўчанка, прэтэндэнт у дэпутаты, Рагачоў.

За апошнія 20–25 гадоў Рагачоў, які за савецкім часам лічыўся адным з прамысловых цэнтраў Гомельшчыны, перажывае заняпад і рост беспрацоўя.

Завод жалезабетонных вырабаў перажыў не толькі фінансавы развал, але ўжо і фізічны. А калісьці прадукцыю з заводу экспартавалі ў іншыя краіны. Падобны лёс спаткаў і прадпрыемства ПМК-44, на якім ужо даўно адключылі святло за велізарныя даўгі. Яшчэ адзін з сімвалаў кіравання мясцовай вертыкалі – мэблевая фабрыка, якая выпускала абсталяванне для школаў апошні раз 6 гадоў таму.

«Каб рэанімаваць эканамічную сістэму Рагачоўшчыны, патрэбна, па-першае, стварыць свабодную эканамічную зону тут, па-другое, даць канкрэтныя межы адказнасці інвестараў і, па-трэцяе, стварыць умовы дзеля рэанімацыі ўсіх пустых будынкаў у Рагачове», – зазначае Уладзімір Літоўчанка.

Але, калі ўжо ў найбліжэйшы час курс эканамічнай палітыкі не зменіцца, пустых будынкаў былых заводаў і фабрык стане толькі больш.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў