Жыхароў Нарачы агітуюць за расейскі кароўнік, яны не згаджаюцца


Журналісты «Белсату» наведалі абмеркаванне праектнага плану будаўніцтва кароўніка. Эколагі абвяргаюць «новыя тэхналогіі» аўтараў праекту.

У Нарачанскім нацыянальным парку, які так любяць турысты, хутка можа зʼявіцца кароўнік. Пабудаваць яго плануе расейская кампанія. Эколагі і грамадскасць – супраць. Але ці ўлічаць іх меркаванне?

Тут, у Нацыянальным парку «Нарачанскі» расейская кампанія плануе пабудаваць буйны кароўнік. Наперадзе возера Нарач, за маёй спіной – возера Вялікія Швакшты, а тут яшчэ тыдзень таму стаяў знак «Водаахоўная зона!». Пасля таго, як мясцовыя жыхары пачалі выказваць сваё абурэнне, знак раптам знік. Цяпер, каб даведацца дзе праходзіць мяжа водаахоўнай зоны, давядзецца платна звяртацца ў інстытут Белгіпразем.

На абмеркаванне праектнага плану будаўніцтва кароўніка і магчымых наступстваў звязанай з ім дзейнасці ў вёсцы Нарач сабраліся эколагі і мясцовыя актывісты. Дзе праходзіць мяжа санаторнай і водаахоўнай зоны? Чаму мапа канфідэнцыйная? Чаму ад маленькага возера Балдук ахоўная зона складае 18 кіламетраў, а ад самага вялікага возера краіны Нарач – усяго некалькі сотняў метраў? Гэткія і іншыя пытанні задавалі прысутныя.

«Пляцоўка фермы знаходзіцца на сетцы меліярацыйных каналаў. І далей па рацэ Малінаўка спалучаецца сістэмай шлюзаў з возерам Нарач і з возерам Свір. У выпадку нейкай тэхнагеннай аварыі, натуральна, экасістэмы будуць забруджаныя», – заўважае эколаг «Зялёнага дазору» Ігар Пастухоў.

Як ні запэўніваў прысутных прадстаўнік «Віцебсксельбудпраекту», што ферму пабудуюць па новай тэхналогіі, эколагі задавалі ўсё больш нязручныя пытанні. Амаль кожны з іх зазначаў, што распрацоўшчыкі не пралічылі чалавечы фактар.

«Сам па сабе праект не дастаткова экалагічны. Напрыклад, метан, які ўтвараецца ад гноезбіральнікаў, ніяк не ўтылізуецца. Ён фактычна проста выпускаецца ў паветра. Разам з тым, паводле праекту, прадугледжваюцца невялікія кацельныя для падсобных патрэбаў на драўляным паліве», – адзначае эколаг «Экадому» Рыгор Фёдараў.

Дырэктар былога калгаса, а цяпер ААА «Нарачанская ніва», 98% акцый якой належаць Пецярбурскай кампаніі «Детскосельский городок», усяляк агітаваў за будаўніцтва кароўніка. Галоўны аргумент – 52 новыя працоўныя месцы і магчымае будаўніцтва дамоў для работнікаў.

«Сабекошт, як вы ведаеце, прадукцыі зніжаецца не за кошт аптымізацыі і скарачэння, а за кошт пашырэння вытворчасці, увядзення новых тэхналогіяў», – заўважае дырэктар ААА «Нарачанская ніва» Мікалай Кудрук.

У курортнай зоне рэспубліканскага значэння ўжо працуе сырзавод. І паводле мясцовых жыхароў, смурод ад фільтрацыйных палёў часам дасягае такой канцэнтрацыі, што наведнікі кемпінгаў зʼяжджаюць, пакідаючы запіс, што ім сапсавалі адпачынак.

«Ніводзін разумны гаспадар не пабудуе ў сваім дварышчы каля студні выграбную яму», – кажа Юрась Камандзірчык, мясцовы жыхар.

Прадстаўнікі адміністрацыі Мядзельскага раёну і праектыроўшчыкі запэўнілі, што цягам двух тыдняў пастараюцца ўлічыць заўвагі эколагаў і дапрацаваць план.

29 красавіка ў Нарацкім сельсавеце адбудуцца грамадскія слуханні. Ці пабудуюць кароўнік, а, калі пабудуюць, то па якім праекце, будзе залежыць ад пазіцыі грамадскасці.

Любоў Лунёва

Стужка навінаў