Жыхарка Рэчыцы абразіла беларускую мову і атрымала штраф


Яўгенія Чацвяртная парушыла артыкул 9.22 Каап (парушэнне заканадаўства аб мовах).

1 снежня ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» ў групе «Моцныя навіны» жанчына напісала: «Беларуская мова непрыемная на слых. Ды і наагул, беларуская мова – гэта недарэчнае асарці з рускай і польскай».

Ініцыятар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак накіраваў заяву ў Рэчыцкі райвыканкам. Ён патлумачыў, што гэтыя жанчына публічна абразіла беларускую мову, чым парушыла артыкул 9.22 Адміністрацыйнага кодэксу. Актывіст прасіў прыцягнуць Чацьвяртную да адказнасці.

Чытайце таксама >>>

Ігар Случак: Хай бы Лукашэнка паказаў прыклад у матчынай мове. Ці ў «бацькавай»

Адказу з райвыканкаму ён не дачакаўся, таму 14 лютага звярнуўся ў пракуратуру Рэчыцкага раёну з просьбай правесці праверку і растлумачыць, чаму райвыканкам не даў своечасова адказ на зварот.

Пракурор Рэчыцкага раёна Мікалай Беларусаў напісаў  Ігару Случаку, што райвыканкам адказаў на ягоны запыт, хоць ён такога адказу не атрымаў.

«Яўгенія Чацвяртная атрымлівала юрыдычную адукацыю ў той жа ВНУ, што і я, працавала судовым выканаўцам, таму яна не магла не разумець, што падобныя выказванні недапушчальныя і абразлівыя, а адукаваны чалавек так сябе паводзіць не можа і не павінен… Спадзяюся, гэты выпадак будзе навукай для тых, хто лічыць, што збіраць «лайкі» ў сацыяльных сетках за кошт абразы нацыянальнай мовы – добрая ідэя», – напісаў актывіст у Facebook.

Гэта ўжо трэцяя перамога Ігара Случака ў барацьбе з тымі, хто абражае беларускую мову.

У студзені актывіст дамогся пакарання для былога міліцыянта Васіля Варушчанкі з Гомля. У верасні 2016 года за знявагу роднай мовы пакаралі жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых.

Апошні раз да адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай прыцягвалі ў 1999 годзе.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў